10 сутак за флэшмоб на тэму афіцыйнага беларускага беспрацоўя
Актывіста "Альтэрнатывы" Дзмітрыя Сільчанку сёння асудзілі на 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП РБ - парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Рашэнне вынес суд Савецкага раёну г.Мінска.
Лідар "Альтэрнатывы" Алег Корбан паведаміў, што сёння актывістаў арганізацыі выклікалі ў РАУС на прафілактычную размову. З'явіўся толькі Дзмітрый Сільчанка, астатнія адмовіліся ісці на сустрэчу без адвакатаў.
"Дзімітрыя сёння ў Савецкі РАУС выклікалі павесткай, на прафразмову. Пасля гэтага сувязь з ім знікла. Толькі што дзяжурны ў Савецкім РАУС па тэлефоне паведаміў, што Дзмітрыя вазілі ў суд, дзе прысудзілі 10 сутак. Ноччу яго накіруюць у ІЧУ, дзе ён будзе адбываць арышт", - адзначае Корбан.
Нагадаем, 29 студзеня актывісты "Альтэрнатывы" правялі флэш-моб на тэму афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі. На агароджы каля Камароўскага рынка яны замацавалі імправізаваныя манекены, якія сімвалізавалі беспрацоўных, трымаючы ў руках плакаты: «Як і іншыя 1,5 мільёны беларусаў, я з’язджаю на працу ў Маскву», «Улада мяне не заўважае», «Я нічога не магу купіць на гэтым кірмашы».