Шклоў: суд палічыў непатрэбным кампенсаваць выдаткі на адваката
Учора, 6 лютага, Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу жыхарак Шклову Іны Хамрыцялёвай і Серафімы Якаўлевай, якія выйгралі раённы суд з нагоды беспадстаўна заведзенай на іх адміністрацыйнай справы міліцыянтам Тадарэнка, і хацелі, каб суд спагнаў з яго грошы, якія былі патрачаны на паслугі адваката.
Суддзя Маймусава, якая старшынствавала падчас судовага пасяджэння, пакінула рашэнне суда Шклоўскага раёна ў сіле. Каментаваць жа, па якіх прычынах судзі прыйшлі да такого рашэння, яны адмовіліся і як мага хутчэй паспяшылі знікнуць з залі судовага пасяджэння.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што перад прыняццем рашэння суддзі раіліся каля 40 хвілін.
“Жанчыны звярталі ўвагу, што суд Шклоўскага раёна прызнаў беспадстаўнасць заведзенай на іх адміністрацыйнай справы, а іх саміх невінаватымі. Каб неяк бараніцца ў судзе жанчыны нанялі адваката і заплацілі яму 900 тысяч рублёў. Па логіцы, гэтыя выдаткі, як і аплату дзяржпошліны, мусіў кампенсаваць міліцыянт Тадарэнка, які завёў беспадстаўную адміністрацыйную справу на жанчын”, - гаворыць Барыс Бухель.
Праваабаронца кажа, што зараз чакае, калі яму прадаставяць афіцыйнае судовае рашэнне, каб абскардзіць яго праз старшыню Магілёўскага абласнога суда.
Нагадаем, што суддзя Шклоўскага раённага суда пры прыняцці рашэння адзначыў, што хаця ўдзел адваката ў адміністрацыйным працэсе рэгламентаваны ч.1 арт.2.8 і п.5 ч.1 арт.4.1 Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП), гэты кодэкс не прадугледжвае кампенсацыі такіх выдаткаў.
З гэтым каардынальным чынам нязгодзен праваабаронца Барыс Бухель, які кажа, што такая недарэчнасць узнікла ў сувязі з тым, што існуе прабел у ПВКаАП.
“Калі ў законе няма нейкай нормы права, то суд, згодна з ч.2 арт.21 ГПК, абавязаны прымаць рашэнні па аналогіі з нейкім іншым законам, які рэгулюе падобныя ўзаемаадносіны. У дадзеным выпадку Крымінальна-працэсуальным кодэксам, ч.5 арт.163 “Спагнанне працэсуальных выдаткаў” прадугледжана, што ў выпадку апраўдання абвінавачанага або спынення вытворчасці па крымінальнай справе працэсуальныя выдаткі прымаюцца на кошт дзяржавы. Як бачым, там гэта ўсё прапісана і суддзя Шклоўскага раённага суда мог гэта зрабіць, як і маглі гэта зрабіць суддзі Магілёўскага абласнога суда”, - кажа Барыс Бухель.
Нагадаем, што незаконныя адміністрацыйныя справы на маці і дачку былі заведзены 29 жніўня 2012 года. Яны сталі вынікам бытавой спрэчкі паміж суседзямі за мяжу паміж іхнымі ўчасткамі. Добра знаёмы суседцы міліцыянт вырашыў дапамагчы "разабрацца" з Серафімай Якаўлевай і Інай Хамрыцялёвай. Ён прыехаў да іх, крычаў, а потым спрабаваў незаконна сілаю загрузіць жанчын у аўтамабіль. Але гэта ў яго зрабіць не атрымалася - ён нарабіў ім толькі сінякоў. За непадпарадкаванне міліцыянт склаў на іх пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.