Гомельская міліцыя пра затрыманых валанцёраў: Старым павінна дыпамагаць іх дзеці
Гомельская міліцыя лічыць, што старым павінны дапамагаць «згодна з заканадаўствам» іх дзеці, а не валанцёры. Так прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама адрэагавала на канфліктную сітуацыю з валанцёрамі, якая ўзнікла ў Нараўлянскім раёне.
Убачыўшы па тэлебачанні сюжэт пра адзінокага 87-гадовага пенсіянера, што жыве ў вёсцы Белы Бераг Нараўлянскага раёна, неабыякавыя жыхары Мазыра вырашылі яму дапамагчы. З гэтай мэтай 27 студзеня валанцёры сабралі прадукты, рэчы і адвезлі пенсіянеру.
4 лютага маладыя людзі зноў накіраваліся ў Белы Бераг, каб даставіць старому патрэбныя яму рэчы, аднак каля дома пенсіянера іх ужо чакала міліцыя. Валанцёраў адвезлі ў Нараўлянскі РАУС і склалі ў дачыненні да іх пратаколы паводле ч. 2 арт. 16.3 КоАП (парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў мясцовасцях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню), бо вёска Белы Бераг знаходзіцца ў зоне адсялення.
УУС Гомельскага аблвыканкама 6 лютага на сваім сайце ў сувязі з гэтым размясціла прэс-рэліз.
Там гаворыцца, што 4 лютага супрацоўнікамі ўзвода па ахове тэрыторый радыяцыйнага забруджвання АУС Нараўлянскага райвыканкама ў вёсцы Белы Бераг, размешчанай на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, былі затрыманы двое жыхароў Мазыра, якія нідзе не працуць, без адпаведнага дазволу на знаходжанне ў зоне адсялення. Падчас разбору гэтыя грамадзяне растлумачылі, што з’яўляюцца валанцёрамі і аказваюць дапамогу ў выглядзе бязвыплатнай перадачы прадуктаў харчавання састарэламу Адаму Рагаўцу, які жыве адзін.
«Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не перашкодзілі перадачы валанцёрамі прадуктаў харчавання жыхару адселенай вёскі.
Аднак праезд у зону адчужэння патрабуе прытрымлівацца законных патрабаванняў правіл знаходжання ў зоне радыеактыўнага забруджвання», — гаворыцца ў паведамленні УУС.
Міліцыя «дадаткова паведамляе», што Адам Рагавец «адзінокім не з’яўляецца, бо ў яго ёсць дарослыя дзеці, якія згодна з заканадаўствам абавязаны яго даглядаць».
Акрамя таго, паводле інфармацыі УУС, Нараўлянскі райвыканкам неаднаразова выдзяляў Рагаўцу жыллё па-за забруджанай мясцовасцю, аднак апошні адмовіўся. Міліцыя сцвярджае, што адміністрацыяй Нараўлянскага раёна арганізавана забеспячэнне пенсіянера прадуктамі харчавання аўталаўкай у канкрэтныя дні тыдня.
На працягу месяца адміністрацыйны пратакол у дачыненні да жыхароў Мазыра разгледзіць суд.