Палітвязень Пракапенка: Халодны цэх, бранхіт і «Папулярная механіка»
Асуджаны
ў «справе анархістаў» 22-гадовы гарадзенец ўвечары 4 лютага патэлефанаваў
дадому.
Арцём Пракапенка каля 10 хвілінаў размаўляў з маці. «Ён толькі што
званіў нам! – распавла Віялета Пракапенка «Белсату». – Сёння першы дзень, як ён
выйшаў на працу ў цэх пасля хваробы. Да гэтага ён тыдзень ляжаў з бранхітам.
Але не да канца яшчэ ачуняў».
Паводле Арцёма, у камеры і ў цэху вельмі халодна. Праз гэта ў шклоўскай калоніі
захварэлі шмат вязняў. Хлопец папрасіў маці даслаць яму вітаміны.
«У астатнім, сказаў, усё ў яго па-ранейшаму, – працягвае маці зняволенага. –
Чытае часопіс «Папулярная механіка». Раней не захапляўся ёю, а цяпер просіць
яму выпісваць. Голас быў бадзёры. На развітанне сказаў мне: «Мама, я ведаю, усё
скончыцца добра».
Арцём Пракапенка нарадзіўся ў Горадні. Пасля сканчэння школы паступіў у філіял
Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту ў Бабруйску. 18 траўня 2011
года разам з сябрамі Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым
асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое пакаранне
прыхільнікі анархісцкага руху атрымалі за тое, што кінулі бутэлькі з
запальнаю сумессю ў будынак КДБ у Бабруйску. Арцём Пракапенка застаецца ў
калоніі № 17 Шклова Магілёўскай вобласці.