viasna on patreon

Алесь Бяляцкі ўганараваны Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць»

2013 2013-02-01T12:09:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/20130201-5_premiya_charter.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уручэнне прэміі charter97.org "За асабістую мужнасць" у Варшаве.

Уручэнне прэміі charter97.org "За асабістую мужнасць" у Варшаве.

1 лютага ў Варшаве сайт charter97.org ўручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. На цырымоніі ў варшаўскай рэдакцыі charter97.org сабраліся польскія і беларускія праваабаронцы, палітыкі, грамадскія дзеячы і журналісты.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная грамадзянскай ініцыятывай Хартыя'97 ў 1998 годзе. На працягу 15 гадоў прэмія была прысуджаная сотні мужным змагарам за свабоду Беларусі.
У гэты раз Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць» атрымалі праваабаронца Алесь Бяляцкі, першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, музыка Сяргей Міхалок, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пер Кромвель, Ханна Фрэй і прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч.

Прэмію праваабаронцу Алеся Бяляцкага праз яго жонку Наталлю Пінчук уручыў віцэ-прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Марцін Вайцяхоўскі.
«Паважаная Наталля, паважаны спадар Прэзідэнт, паважаныя сябры. Алесь Бяляцкі з'яўляецца сімвалам. Сімвалам свабоды, незалежнага мыслення, правоў чалавека, чалавечай годнасці і барацьбы за гэтыя каштоўнасці. На жаль, Алеся Бяляцкага цяпер няма з намі, ён знаходзіцца ў калёніі.
Польшча ў нейкай меры нясе сваю адказнасць за яго арышт і прысуд. Мы шкадуем з гэтай нагоды. Гэтай памылкі не павінна было быць. Адзінае, што мы можам рабіць цяпер, акрамя аказання падтрымкі сям'і і калегам Алеся Бяляцкага, гэта гаварыць аб тым, што ён сядзіць у турме за свае перакананні, за сваю дзейнасць, за тое, каб Беларусь была свабоднай дэмакратычнай краінай.
Для мяне вялікі гонар ўручыць гэтую прэмію ад імя charter97.org жонцы Алеся Бяляцкага - Наталлі Пінчук. Дзякуй за тое, што вы кажаце пра тое, што адбываецца ў Беларусі і пра сітуацыю з Алесем Бяляцкім і яго калегамі», - сказаў Марцін Вайцяхоўскі.
Наталля Пінчук ў адказ заявіла:
«У апошні час маёй місіяй стала казаць за Алеся Бяляцкага. Я таксама хацела б падзякаваць сайту charter97.org за ўручэнне гэтай прэміі. Гэта ўзнагарода за асабістую мужнасць, за абарону правоў чалавека, за дапамогу ахвярам рэпрэсій, за распаўсюд інфармацыі аб тых парушэннях, якія адбываюцца ў Беларусі. Я пералічыла тое, за што была ўручана гэтая ўзнагарода.
Тое, што Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, азмрочвае гэта ўрачыстасць. Праблема, звязаная з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, усё яшчэ застаецца - невыпадкова праваабаронцы працягваюць атрымліваць падобныя прэміі. Самае горкае - тое, што ў нашай краіне ёсць палітвязень і сярод іх - Алесь Бяляцкі.
Таксама я хацела б падзякаваць charter97.org за тое, што сайт пастаянна звяртае ўвагу на сітуацыю з палітвязнямі і трымае ў курсе таго, што з імі адбываецца, робіць усё магчымае для іх вызвалення і поўнай рэабілітацыі.
Мне атрымалася перадаць Алесю Бяляцкаму інфармацыю аб ўручэнні гэтай прэміі. Ён выказаў сваю падзяку і перадаў, што расцэньвае гэтую ўзнагароду не толькі як сваю асабістую, але і як узнагароду праваабарончаму цэнтру "Вясна", у якім ён працаваў усе гэтыя гады», - сказала жонка праваабаронцы. 

Паводле charter97.org

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства