Асамблея НДА назвала “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці”: грамадзкі лідар году, кампанія году, падзея году
1 лютага ў менскай кнігарні “ЛогвінаЎ” адбылася чацьвёртая штогадовая цырымонія ўзнагароджаньня прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012”.
Сёлета грамадзкімі лідарамі на думку аўтарытэтнага журы з прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, выбітных грамадзкіх дзеячоў, а таксама экспэртаў і мінулагодніх пераможцаў сталі адразу дзьве пэрсоны – журналіст Анджэй Пачобут і галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў.
Атрымаўшы прызы сёлетняі лідары кансалідаваныя ў меркаваньні, што для беларускіх рэаліяў салідарнасьць стаіць на першым месцы. Так, на думку Валера Булгакава, падзеі апошняга году падкрэсьлілі, што любая культурніцкая ініцыятыва з агульнанацыянальным гучаньнем – гэта таксама і палітыка, і грамадзянская дзейнасьць.
- Хочацца адзначыць, што праяўленая салідарнасьць з боку грамадзянскай супольнасьці дала нам штуршок да далейшая дзейнасьці. Гэтая ўзнагарода паслужыць добрай зарукай таго, што наш часопіс, нашыя выдавецкія ініцыятывы ня зьгінуць, а будуць разьвівацца, – падзяліўся сваімі думкамі Валер Булгакаў.
Анджэй Пачобут удзячны ўсім салідарным і неабыякавым беларусам за падтрымку за апошнія два гады, а таксама за заўважанасьць з боку грамадзянскай супольнасьці.
- Заўсёды прыемна, калі тваю працу заўважаюць, пазытыўна ацэньваюць і адзначаюць. Я ўдзячны Асамблеі НДА за тое, што мая журналісцкая праца заўважаная. Мінулыя два гады былі для мяне цяжкімі. Але разам з тым, увесь гэты час я адчуваў падтрымку з боку грамады. І вось менавіта такая салідарнасьць, узаемападтрымка дазваляе людзям існаваць ва ўмовах аўтарытарызму. Гэта тое, што разьбівае дыктатуру, – распавёў Анджэй Пачобут.
Кожны з пераможцаў ня толькі дзякаваў за ўзнагароду, але і выказваў пляны на будучыню. Так, паводле словаў Тацьцяны Равякі, якая атрымала прэмію ў намінацыі “Месца году”, праваабарончы офіс “Вясна” літаральна праз некалькі тыдняў мае прэзэнтаваць новае памяшканьне.
“Арт Сядзіба” атрымала прыз у намінацыі “Адмова году”. Дырэктар установы Павал Белавус распавёў, што зараз “Арт Сядзіба” зьмяніла фармат дзейнасьці, але імпрэзы па-ранейшаму ладзяцца. Таксама ён падзяліўся плянамі запусьціць ан-ляйн Сядзібу.
Прэмія за “Крэатыў году” прысуджаная “швэдзкаму дэсанту плюшавых мішак”, які быў зладжаны Studio Total. Адмыслова для цырымоніі пілёты Томас Мазэці, Пер Кромвель запісалі зварот для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці на беларускай мове. На прыз прэтэндавалі таксама арт-акцыя “Прамень Сонца” і акцыі моладзевай ініцыятывы Zмена «Игрушко протестуэ».
Агулам кампэтэнтнае журы вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях:
“Месца году” – Офіс праваабарончага цэнтру “Вясна”;
“Кампанія году” – Беларуская антыядзерная кампанія;
“Рэгістрацыя году” – Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова “Платформ Інавэйшн”;
“Адмова году” – Адмова размяшчэньня культурнай пляцоўкі Арт-сядзіба ў трох памяшканьнях;
“Новая ініцыятыва” – Марафон салідарнасьці «Свабоду палітвязьням»;
“Рэгіянальная падзея” – стварэньне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве “Граніт”.
Сяргей Мацкевіч, старышня Рабочай групы Асамблеі НДА, усьцешаны тым, што 2012 год прынёс вельмі шмат цікавых і крэтаўных, ахвярных і адданых ініцыятываў на ніве грамадзянскай супольнасьці Беларусі. На яго думку, гэтая прэмія ня толькі для натхненьня людзей і ініцыятыаў на новыя дасягненьні, але і для праявы салідарнасьці ўнутры трэцяга сэктару.
- Добра, што атрымліваецца ўжо ў чацьвёрты раз правесьці такую цырымонію, якая накіраваная натхніць новыя ініцыятывы да працы ў кірунку далучэньня Беларусі да эўрапейскага жыцьця. Штогод, і гэта не можа не цешыць, зьяўляюцца новыя ініцыятывы, новыя цікавыя, краэтыўныя акцыі і кампаніі. Мы, натуральна, не можам усіх узгнагародзіць, але імкнемся зрабіць гэта падчас цырымоніі.
На думку Сяргея Салаша, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА (грамадзкая ініцыятыва “За чысты Барысаў”) што такое мерапрыемства варта праводзіць.
- Раней я досыць скэптычна ставіўся да розных грамадзкіх ініцыятываў. Паглядзеўшы сёньня з боку назіральніка на ўдзельнікаў, заўважыў, што некаторым пераможцам такая адзнака і падзяка за дзейнасьць вельмі неабходная. Да прыкладу, хлопцы з Мікашэвічаў мяне па-добраму ўразілі. Прамова аднаго з іх нават выклікала мурашоў на целе. Такое адзначэньне для іх вельмі патрэбнае.
Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі, перакананая ў карыснасьці прэміі Асамблеі НДА, бо гэта ёсьць папулярызацыя дзейнасьці грамадзкіх ініцыятываў, а таксама заахвочваньне да грамадзкай актыўнасьці.
- Разам з тым, прэмія дазваляе у чарговы раз нам казаць пра абсурдныя адмовы ў рэгістрацыі грамадзкім аб’яднаньням, адмовы ў прадстаўленьні памяшканьняў, пра перасьлед за грамадзкую дзейнасьць ды іншыя рэчы. Пра гэта трэба казаць увес час, бо праз гэта мы зьвяртаем увагу на гэтыя праблемы як грамадзкасьці, так і чыноўнікаў.
Вольга Смалянка летась стала “чэмпіёнкаў” у намінацыі “Найлепшая кампаніяй году” – Кампанія па зборы подпісаў за непрыняцьце закону аб некамэрцыйных арганізацыях, якую праводзілі супольна Асамблея НДА й Цэнтар прававой трансфармацыі.