viasna on patreon

Магілёўскіх вернікаў пакуль пакінулі ў спакоі

2013 2013-02-01T13:44:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magil-dom-pratest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 1 лютага, скончыўся ўльтыматум мяцовых ўладаў, выстаўлены вернікам незарэгістраванай царквы Хрысціян веры Евангельскай (пяцідзесятнікаў), размешчанай па адрасу вуліца Мяшчанскія палосы, 21.

Гэты ўльтыматум заключаўся ў тым, што калі вернікі самастойна не знясуць плот, які замінае будаўніцтву новага шматпавярховага дома, то яго знясуць экскаватары камунальнікаў.

А 10-ай гадзіне раніцы каля будынка незарэгістраванай царквы сабраліся вернікі і журналісты, аднак прачакаўшы гадзіну ўсе разышліся – камунальнікі з міліцыяй па невядомых прычынах так і не з’явіліся.

Нагадаем, што два гады назад камунальныя службы ўжо хацелі знесці плот. Тады перад бульдозерамі жывой сцяной сталі вернікі. Падзейнічала і аргументацыя праваабаронцы Барыса Бухеля, які пераканаў камунальнікаў, што без рашэння суда зносіць плот нельга.

Прычына спрэчкі паміж вернікамі і ўладай палягае ў тым, што па дакументах чыноўнікаў – гэта зямля належыць гораду. Паводле тэхнічнага пашпарта на зямлю, які ёсць у сям’і Радчанка, ім належыць 30 сотак зямлі. 16 знаходзіцца ў пажыццёвым карыстанні і 14 ў арэндзе. Плацяць яны за зямлю спраўна на працягу ўсяго часу.

Узвядзенне новага дома цалкам засціць сабой незарэгістраваную царкву. Яго фундамент будзе мінімум на тры метры вышэй за фундамент дома незарэгістраванай царквы. Сам жа новы дом па плану з’явіцца фактычна ў трох метрах ад катэджа. Алею ў агонь падлівае яшчэ і тое, што як толькі пачалі будавацца новыя шматпавярховыя дамы – падвалы прылягаючых катэджаў пачало затапліваць. Раней на месцы катэджнага пасёлку знаходзілася рака, якую потым асушылі і раздалі дзялянкі зямлі для будаўніцтва прыватных дамоў людзям.

Вядома таксама негатыўнае стаўленне да незарэгістраванай царквы кіраўніка Магілёўскага гарвыканкаму Станіслава Барадаўкі, які называе яе вернікаў сектантамі.

У любым выпадку, па рашэнню апошняга суда, будаўнічая арганізацыя “Лаўсанбуд” мае законнае права будаваць на гэтым месцы дом. Пытанне са зносам плота і захопам зямлі камунальнікамі застаецца пытаннем часу.

Варта адзначыць, што ўчора, 31 студзеня, пастар незарэгістраванай царквы Віталь Радчанка выслаў калектыўныя скаргі на адрас Пракуратуры, гарвыканкама і аблвыканкама. Ён просіць спыніць будаўніцтва шматпавярховага дома і рэйдарскі захоп іх зямлі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства