Баранавічы: пададзена заява на мітынг супраць падвышэння падаткаў на прадпрымальніцкую дзейнасць
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаў заяву ў гарвыканкам на правядзенне мітынга 12 лютага супраць падвышэння падаткаў на прадпрымальніцкую дзейнасць.
– Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне падняць на 50 % падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў. – Мы дакладна ведаем, што ў некаторых гарадах Брэсцкай вобласці такі падатак стаў яшчэ больш вышэйшым. Таму баранавіцкія прадпрымальнікі вырашылі выказаць свой пратэст супраць падвышэння падаткаў, якія робяць нашую прадпрымальніцкую дзейнасць бесперспектыўнай і стратнай, – паведаміў Мікалай Чарнавус.
Запланаваны мітынг плануецца правесці не ў бязлюдным старым парку горада, а на вуліцы Фабрычнай.
У заяве выказана пажаданне, каб на гэты мітынг прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Сумар К.А. Адпаведны ліст-запрашэнне ўжо накіраваны галоўнаму чыноўніку вобласці.