Гарадзенскія праваабаронцы абскардзяць абсурдныя прысуды
На 29-га студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля. Пачатак ў 9.30.
У Гародні 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну прайшоў разгляд адміністрацыйных справаў, распачатых супраць гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. У сусветны Дзень правоў чалавека 10 снежня 2012 года яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Пазней гарадзенскай міліцыяй гэты медыйны факт быў кваліфікаваны як “несанкцыянаваны пікет” – 18 снежня былі складзены пратаколы апытання, а 19 снежня актывісты былі азнаёмлены з пратаколамі пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне.
Праваабаронцы рашэннем Ленінскага суда Гародні атрымалі штрафы ў памеры 1,5 мільёна рублёў кожны. Іх абвінавацілі ў незаконным пікетаванні.
Адразу ж, у знак салідарнасці з пакаранымі калегамі, а таксама дзеля таго, каб паказаць абсурднасць такога прысуду, падобныя фотаздымкі праваабаронцы зрабілі ў некаторых іншых гарадах Беларусі: Гомелі і Наваполацку.