Мазырскі аддзел статыстыкі патрабуе ад Уладзіміра Целяпуна даведку аб дзейнасці аддзялення зліквідаванага ПЦ «Вясна»
Штогод аддзел статыстыкі па Мазырскаму раёну Гомельскага абласнога аддзела статыстыкі патрабуе ад праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна даведку аб дзейнасці Мазырскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Не стаў выключэннем і 2013 год, бо 11 студзеня ў праваабаронцы зноў запатрабавалі такую даведку. Нагадаем, ПЦ «Вясна» быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі рашэннем Вярхоўнага суда ў 2003 годзе, і па сённяшні момант праваабаронцы вымушаны працаваць на паўлегальным становішчы.
Згодна заканадаўству, зарэгістраваныя структуры павінны раз на квартал падаваць звесткі ў падатковую інспекцыю і Фонд сацыяльнай падтрымкі і дапамогі насельніцтву даведку аб наяўнасці ў штаце структуры аплачваемых супрацоўнікаў і вядзенні камерцыйнай дзейнасці. Штогадовую даведку таксама патрэбна падаваць ў аддзел статыстыкі з адказамі на адпаведныя пытанні аб камерцыйнай дзейнасці структуры і іх прыбытках, затратах.
У выпадку, калі рашэнне аб ліквідацыі аб'яднання было прынятае судом і ліквідацыйная камісія прызначана не была, ў орган, які ажыццяўляў дзяржаўную рэгістрацыю аб'яднання, падаюцца адпаведныя дакументы.
«Усе неабходныя дакументы мной ў 2006 годзе былі здадзены ў мясцовы выканкам – структуру, якая рэгістравала Мазырскае аддзяленне ПЦ «Вясна». Аднак рашэння аб выключэнні структуры з журналу рэгістрацыі і рэестру я так і не дачакаўся. А са статыстыкі штогод патрабуюць даведку аб дзейнасці. Вось зараз я аднёс у аддзел статыстыкі копіі здадзеных у выканкам дакументаў. Хаця па заканадаўству орган, які прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці Мазырскага аддзялення ПЦ «Вясна», павінен быў паведаміць ў падатковыя органы, у аддзел статыстыкі, даць абвестку ў друкаваных СМІ аб спыненні дзейнасці структуры. Таму тут мы бачым некампетэнтныя дзеянні мясцовай вертыкалі па выкананні сваіх абавязкаў», - патлумачыў Уладзімір Целяпун.
Таксама да дакументаў, здадзеных у аддзел статыстыкі, ён дадаў рашэнне Вярхоўнага суду аб ліквідацыі ГА «ПЦ «Вясна», выступ палітвязня, лідэра ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага на судзе, Рашэнне Камітэта ААН аб незаконнай ліквідацыі «Вясны».