viasna on patreon

Бялыніцкія чыноўнікі ад ідэалогіі перашкаджаюць людзям працаваць

2013 2013-01-17T12:28:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bial-ideolagi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 студзеня ў Бялыніцкім раёне праводзіцца чарговы адзіны дзень інфармавання насельніцтва. На гэты раз асноўнымі тэмамі, пра якія распавядуць працоўным чыноўнікі-прапагандысты, будуць “Жыццё і здароўе чалавека – пытанні дзяржаўнай важнасці” і “Будоўля АЭС у рэспубліцы. Папярэднія вынікі 2012 года”.

Паказальна, што, згодна зацверджанаму графіку, абсалютную большасць сустрэч у працоўных калектывах Бялыніцкага раёна чыноўнікі ад ідэалогіі будуць праводзіць у працоўны час, адрываючы людзей ад непасрэднага выканання сваіх працоўных абавязкаў. Верагодна, аб’яўлены кіраўніком краіны ў 2013 годзе Год беражлівасці бялыніцкіх прапагандыстаў абсалютна не хвалюе, бо якраз у гэтым годзе прадугледжана з максімальнай эфектыўнасцю задзейнічаць працоўныя рэсурсы якраз у працоўны час. Аднак для 58 бялыніцкіх чыноўнікаў няма больш важных спраў,як перашкаджаць людзям працаваць, выкарыстоўваючы пры гэтым дзяржаўны аўтатранспарт на дзяржаўным жа паліве, якое якраз толькі што ізноў падаражэла. Цікавы Год беражлівасці атрымліваецца…

Цікава, што згоды ў работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый на ўдзел у так званых “адзіных днях інфармавання насельніцтва” ніхто не пытаецца, іх проста ў загадным парадку “заганяюць” у памяшканні, каб яны маглі паслухаць выступы чыноўнікаў-прапагандыстаў аб дасяненнях “квітнеючай” Беларусі. Таму абсалютная бальшыня супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Бялыніцкага раёна выказваюць рэзка адмоўнае стаўленне да “галёкання” чыноўнікаў ад ідэалогіі ў “адзіныя дні інфармавання насельніцтва”.

“Мне аднойчы давялося непасрэдна сутыкнуцца з “адзіным днём інфармавання насельніцтва”, калі я наведваў Бялыніцкую бальніцу для праходжання флюраграфіі, - кажа бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч. – Прасядзеў у чарзе ў рэнтген-кабінет больш за паўтара гадзіны, за гэты час флюраграфію не прайшоў ні адзін чалавек.  Чэргі не рухаліся і ў іншых кабінетах. Мне трэба было ісці па іншых справах, калі ж запытаўся ў медсястры ў рэгістратуры, чаму не працуе рэнтген-кабінет, тая патлумачыла, што ўсе знаходзяцца на “адзіным дні інфармавання”, таму трэба чакаць, пакуль ён скончыцца. Большага маразма цяжка выдумаць, таму ў мяне, як і ў абсалютнай большасці бялынічан, стаўленне да гэтай бязглуздай ініцыятывы чыноўнікаў ад ідэалогіі вельмі адмоўнае. Усе людзі маюць магчымасць самастойна прачытаць газеты, паглядзець тэлевізар, скарыстацца інтэрнэтам і даведацца тыя навіны, якія іх цікавяць. Непатрэбна адрываць іх ад выканання сваіх службовых абавязкаў, каб ідэолагі маглі адсправаздачыцца, што яны хоць штосьці робяць”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства