viasna on patreon

У Ленінскім судзе Магілёва даюць адказы, якія не маюць юрыдычнай сілы

2013 2013-01-17T11:25:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У адказе, які атрымаў на свой зварот актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі не стаіць рэгістрацыйны індэкс і адсутнічае дата.

У сувязі з гэтым  прафсаюзны актывіст накіраваў скаргі на імя начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама і старшыні Магілёўскага абласнога суда.

У сваіх скаргах, у прыватнасці, Паўлоўскі просіць адмяніць рашэнне старшыні суда Кужалевай без нумара і даты аб адмове ў вяртанні яму, на ягоную думку, залішне аплачаных дзяржпошлін ў памеры 450 тысяч рублёў, вярнуць яму гэтыя грошы, а таксама правесці з усімі работнікамі суда Ленінскага раёна Магілёва семінар па справаводству ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь, каб надалей не дапусціць падобныя парушэнні заканадаўства.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ў адказах дзяржаўных органах падобныя памылкі не адзінкавыя.

“Такія памылкі недапусцімыя для дзяржаўных органаў, тым болей для старшыні суда.

Падобныя памылкі зрабілі і супрацоўнікі КДБ у справе грамадскага актывіста Алега Аксёнава. У адным дакуменце замест начальніка УКДБ Магілёўскай вобласці адказ, на скаргу Аксёнава з нагоды ягонай пастаноўкі на прафулік у КДБ, падпісаў ягоны невядомы намеснік, а ў суд яны прыслалі запатрабаваныя дакументы суправаджальным лістом без рэгістрацыйнага нумару. Усё гэта сведчыць, што чыноўнікі не паважаюць заканадаўства аб справаводстве”, - гаворыць Барыс Бухель.

Паводле праваабаронцы, такія дакументы не маюць юрыдычнай сілы, і суды не маюць права на іх спасылацца.

Нагадаем, што пры вынясенні рашэння па справе беспрацоўнага Паўлоўскага, які спрабаваў спагнаць кампенсацыю маральнай страты за паклёп з боку былога пракурора Магілёўшчыны Эдуарда Сянкевіча, суддзя Кужалева пры вынясенні судовага рашэння нечакана абвесціла, што Паўлоўскаму неабходна даплаціць яшчэ 300 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны да 300 тысяч рублёў, ужо аплачаных ім раней. Пасля таго, як Аляксей Паўлоўскі пачаў абурацца, чаму яго загадзя не праінфармавалі пра рэальныя памеры дзяржпошліны, суддзя Кужалева выслала заднім чыслом сваё вызначэнне, якое адмяніў Магілёўскі абласны суд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства