Свабода прэзэнтуе кнігу «Справа Бяляцкага» (+відэа)
«Справа Бяляцкага» — так называецца кніга, якая нядаўна выйшла ў сэрыі Бібліятэка Свабоды. Гэта раман-рэпартаж нашага калегі Валера Каліноўскага пра чалавека, якога адныя параўноўваюць з Вацлавам Гаўлам, другія мяркуюць, што ён павінен сядзець у турме, а трэція ня бачаць між гэтымі думкамі супярэчнасьці.
Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра новае выданьне дзеліцца палітычны і грамадзкі дзеяч і сябра героя кнігі Вінцук Вячорка.
Вінцук Вячорка: «Шкада, што нагоду для стварэньня кнігі пра Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго»
«Шкада, што нагоду для
стварэньня кнігі пра Алеся Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго, тое, што
ён стаў палітычным вязьнем. Таму што гэты чалавек заслугоўвае
на кнігу як постаць, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю тварэньня
незалежнай Беларусі, беларускай сьведамасьці, беларускай культуры.
На шчасьце, у кнізе таксама прасочваецца, адлюстроўваецца той
папярэдні пэрыяд ягонага жыцьця, які яго і зрабіў цяперашнім Алесем
Бяляцкім — постацьцю ў першых шэрагах беларусаў, якія змагаюцца
за Беларусь, за беларушчыну і за свабоду».
Новая кніга Бібліятэкі Свабоды «Справа Бяляцкага», якую напісаў наш калега
Валер Каліноўскі будзе прэзэнтавацца 17 студзеня.
Юры Чавусаў: «Сутнасьць кнігі — у падрабязным аналізе перасьледу Бяляцкага»
«Самае першае ўражаньне, якое
ёсьць ад кніжкі, — гэта наяўнасьць вялікай колькасьці ілюстрацыяў,
якія ахопліваюць самыя розныя аспэкты гэтай справы. Гэта і сама постаць
Бяляцкага, і гісторыя ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьці, і сям’я.
Але ж, канечне, сутнасьць гэтай кнігі — у падрабязным аналізе
той палітычнай справы, палітычна матываванага крымінальнага перасьледу, які
адбыўся ў 2011 годзе. Тое, што частка матэрыялаў публікавалася
на сайце Радыё Свабода, дазволіла зрабіць гэтае выданьне амаль усёахопным
у дачыненьні да ўсёй гэтай справы. Былі самыя розныя камэнтары пра
яе і з боку саміх „вясноўцаў“, і з боку іншых
назіральнікаў за працэсам — яны ствараюць агульную панараму гэтай
палітычна матываванай крымінальнай справы».
Кнігу «Справа Бяляцкага» прачытаў за кратамі і галоўны яе герой.
Пра свае ўражаньні ад прачытанага Алесь Бяляцкі напісаў сваёй
калезе праваабаронцы Тацяне Равяцы.
Тацяна Равяка: «Аўтар здолеў паказаць усю тонкасьць і шырыню ахопу як асобы Бяляцкага, так і ягонай крымінальнай справы»
«Яшчэ ў сьнежні Алесь Бяляцкі, знаходзячыся ў Бабруйску ў калёніі, атрымаў кнігу „Справа Бяляцкага“. І ён, канечне, вельмі ўсьцешаны быў, што гэтую кніжку яму прапусьцілі, бо ня ўсе выданьні да яго даходзяць. І вось Алесь піша мне:
„Зрабіў Валера ўсё грунтоўна і скрупулёзна. Ёсьць невялікія „блошкі“, якія я паправіў бы, але агульнае ўражаньне вельмі добрае. Ён зрабіў вялікую працу, а ўлічваючы, што там багата напісана асабістага пра бацькоў, сяброў, то чытаць гэта мне вельмі хвалююча“.
Што датычыць майго ўражаньня, то я хацела б таксама падзяліцца ім. Мяне вельмі ўразіла і парадавала вось гэтая ўніклівасьць журналісцкая, якую праявіў у падрыхтоўцы гэтай кнігі Валер Каліноўскі. Для яго не было няважных рэчаў. Для яго кожны напісаны сказ быў вельмі важны, і ён вельмі імкнуўся да таго, каб ён быў яшчэ і дакладным, каб ён адпавядаў рэчаіснасьці, адпавядаў таму, што на самой справе адбывалася з Алесем ня толькі падчас крымінальнай справы, але і да таго — і падчас ягонай працы ў музэі, і ў далейшай праваабарончай, грамадзкай дзейнасьці. Атрымаўся яшчэ і партрэт асобы, якая ў гэтай справе апынулася. Гэта вельмі важна, таму што палітычныя справы не ўзьнікаюць на голым месцы. І, канечне, вельмі добра, што аўтар кнігі змог паказаць усю тонкасьць і такую шырыню ахопу як асобы Алеся, так і ягонай справы».
Кнігу «Справа Бяляцкага» з аўтографам аўтара можна будзе атрымаць 17 студзеня ў кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасьці, 37а) ад 18-й да 20-й гадзіны.