Наваполацкая міліцыя таксама адсачыла акцыю салідарнасці праз інтэрнэт (фота)
На гутарку пра фотаздымкі з партрэтам Алеся Бяляцкага на ганках гарадскога суду быў выкліканы наваполацкі актывіст Яўген Парчынскі. Другі ўдзельнік акцыі, Сяргей Малашонак, кажа, што гатовы да любога далейшага развіцця падзеяў – у тым ліку да суду і штрафу.
Яўген Парчынскі распавёў, што ў міліцыі яму прадэманстравалі фотаздымкі, раздрукаваныя з інтэрнэт-сайтаў:
"Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юры Пенязь паказаў мне раздрукоўкі і запісаў мае тлумачэнні. А я нічога і не абвяргаў: так, была акцыя салідарнасці – з Алесем Бяляцкім і з гарадзенскімі праваабаронцамі, якіх аштрафавалі на падставе вось такіх "інтэрнэтавых доказаў" правядзення несанкцыянаванай акцыі. Мае тлумачэнні запісалі ў пратакол, але ці заведзена адміністрацыйная справа па факце несанкцыянаванай акцыі ў Наваполацку, мне не сказалі".
Акцыя салідарнасці прайшла ў Наваполацку 9 студзеня: двое актывістаў сфатаграфаваліся з партрэтамі Алеся Бяляцкага на ганках гарадскога суду, і яшчэ актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Сяргей Малашанкаў быў сфатаграфаваны з партрэтам Алеся Бяляцкага каля гарадскога аддзела міліцыі.
Сяргей Малашонак пакуль што позвы на гутарку з міліцыянтамі не атрымаў.