Чарнобыльская камісія Партыі БНФ зьвярнулася да Віктара Юшчанкі
З ініцыятывы Чарнобыльскай камісіі Партыі БНФ на чале зь Юрасём Меляшкевічам быў дасланы зварот да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. У звароце да кіраўніка краіны, на тэрыторыі якой адбылася чарнобыльская катастрофа, гаворыцца пра тое, што сёньня ў Беларусі ліквідатары аварыі фактычна пазбаўленыя льготаў у выніку зьмены закона "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС".
"Нармальнай практыкай стала непрызнаньне сувязі паміж захворваньнямі, на якія хварэюць ліквідатары, і фактам знаходжаньня ў зоне радыяктыўнага забруджваньня, пры гэтым ігнаруюцца аб'ектыўныя навуковыя зьвесткі, якія адназначна пацьвярджаюць наяўнасьць гэтай сувязі, - гаворыцца ў звароце. - А пералік захворваньняў, якія ў прынцыпе могуць быць прызнаныя радыяцыйнаабумоўленымі, пастаянна скарачаецца. Гэта пазбаўляе магчымасьці ліквідатараў-інвалідаў карыстацца законнымі льготамі. Спробы адстаяць свае правы праз суд не даюць вынікаў і ў некаторых выпадках цягнуцца гадамі".
Таксама ў звароце згадваецца праблема таго, што ў Беларусі шырока распаўсюджаная практыка звароту ў гаспадарчы абарот зямель, якія забруджаныя радыёнуклідамі.
Заканчваецца зварот просьбай да Віктара Юшчанкі закрануць чарнобыльскае пытаньне падчас перамоваў з прэзыдэнтам Беларусі.
Падпісалі зварот ліквідатары аварыі на ЧАЭС Аляксандр Валчанін, Васіль Сільверст і Іван Нікітчанка, паведаміла прэс-служба Партыі БНФ.