1 796 подпісаў жыхароў Салігорску сабралі актывісты незарэгістраванага «Маладога Фронту» ў падтрымку беларускай мовы ў гарадзкім грамадзкім транспарце, у мясцовых СМІ
Подпісы перададзеныя ў мясцовы гарвыканкам, паведаміла "Наша Ніва".
Збор подпісаў быў распачаты на пачатку лютага. Арганізавалі яго сябры Салігорскае філіі незарэгістраванага «Маладога Фронту». Сярод падпісантаў – Аляксандар Мілінкевіч. Моладзь зладзіла ў Салігорску некалькі пікетаў ў падтрымку беларускае мовы, праводзіла інфармацыйныя акцыі. У прыватныя й дзяржаўныя прадпрыемствы горада, фірмы й арганізацыі былі накіраваныя звароты.
Усяго было вылучана чатыры прапановы: беларусізаваць грамадзкі транспарт, арганізаваць правядзеньне ва ўсіх навучальных установах гораду літаратурнага конкурсу «Мова маіх продкаў», зладзіць на мясцовым тэлебачаньні беларускамоўнае токшоў, стварыць у мясцовай афіцыйнай газэце «Салігорскі весьнік» адмысловай рубрыкі, прысьвечанай гісторыі і культуры Случчыны.
У аўторак, 27 лютага, моладзевыя актывісты мелі сустрэчу з мэрам Салігорску Аляксандрам Рымашэўскім, падчас якой і былі перададзеныя подпісы. Уражаньнямі ад сустрэчы зь кіраўніцтвам гораду дзеліцца актывіст салігорскага «Маладога фронту» Іван Шыла: «Нашыя подпісы прынялі і зарэгістравалі, але спадзявацца на спрыяньне з боку гарадзкіх уладаў, мабыць, не выпадае». Па яго словах, сэнс гутаркі зьвёўся да таго, што моладзь займаецца ня тым, што яна дзейнічае ад імя «купленых амэрыканцамі палітыкаў і арганізацыяў». На думку сп. Рымашэўскага, пытаньні мовы і культурнагістарычнай спадчыны мала цікавяць месьцічаў. Ён прапанаваў моладзі заняцца сапраўднай працай – у горадзе будуецца лядовы палац, і моладзь мусіла б агітаваць салігорцаў удзельнічаць у суботніках і пералічваць сродкі на пабудову палацу.
У часе гутаркі мэра Салігорску паінфармавалі таксама пра правядзеньне сэрыі вясновых акцыяў. На што ён ізноў паўтарыў: «Ня тым займаецеся, лепш бы кароваў даілі ў аграгарадках».