Радыё “Рацыя” - год у эфіры
Што было?
“Вы слухаеце Радыё “Рацыя” – голас свабоднае Беларусі, радыё, якое для беларусаў робяць беларусы ў вольным сьвеце”. Цягам году кожны дзень такія словы гучаць у этэры Радыё “Рацыя”, але гэты сьлёган стаўся, пэўна, адзіным элементам, які не зьмяніўся за ўвесь час існаваньня “Рацыі”. Роўна год таму этэр радыёстанцыі складаўся з адной гадзіны гучаньня на сярэдніх хвалях у дыяпазоне 1080 кГц. Адразу ад моманту заснаваньня адноўленай “Рацыі” да калектыву станцыі пачалі далучацца новыя супрацоўнікі. Неўзабаве была створаная вялікая карэспандэнтская сетка па ўсёй Беларусі.
Што ёсьць?
Цяпер кожны дзень цягам пяці гадзінаў “Рацыю” можна пачуць на кароткіх і сярэдніх хвалях. Ад 9-й да 10-й гадзіны рыніцы на хвалях 612 кГц, ад 18-й да 20-й вечара на карокіх хвалях 6090 кГц і ад 20-й да 22-й гадзіны ў сярэднехвалёвым дыяпазоне 666 кГц.
Але галоўная разынка “Рацыі” – кругласуткавая трансьляцыя ў FM-дыяпазоне 105.5 у Беластоку, а таксама ў он-лайн рэжыме праз Інтэрнэт (www.racyja.by). Па хуткім часе Радыё “Рацыя” мае стаць першым трансгранічным радыё, якое ў добрай якасьці можна будзе пачуць на FM-хвалях на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне, а таксама ў Беластоку, Гайнаўцы, Бельску-Падляскім ды іншых польскіх гарадох і мястэчках, дзе жывуць этнічныя беларусы. “Такім чынам “Рацыя” імкнецца аб’яднаць у радыйнай прасторы адзіны народ, які воляю гісторыі апынуўся па розныя бакі дзяржаўнай мяжы”, - так акрэсьлівае місыю станцыі кіраўнік FM-вяшчаньня журналіст і пісьменьнік Міхась Андрасюк.
Але галоўная мэта “Рацыі” – данясеньне да беларусаў аб’ектыўнай і неперадузятай інфармацыі пра тыя падзеі, якія абываюцца ў Беларусі й пра якія не кажуць афіцыйныя дзяржаўныя мэдыі. Дырэктар Радыё “Рацыя” Віктар Стахвюк адзначае, што дзеля гэтага ва ўсіх рэгіёнах Беларусі створана адзіная інфармацыйна-карэспандэнтская сетка. Зь яе дапамогай кожны дзень у этэр выходзяць тры навіновыя блёкі, кожны зь якіх доўжыцца 10 хвілін. Журналісты-адмыслоўцы рыхтуюць вялікія аналітычныя матэрыялы пра галоўныя падзеі ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны.
“Рацыя” не абмінае ўвагай і забаўляльна-культурніцкія праекты. Прыкладам, кожную нядзелю на хвалях станцыі можна пачуць радыёвую вэрсыю вядомага інтэрнэтавага гіт-параду “Тузін Гітоў”, вядучым якой зьвяўляецца музыка гурта “Палац” Алег Хаменка. Сярод аўтараў перадачаў ёсьць і такія вядомыя людзі, як музыка Зьміцер Вайцюкевіч, культуроляг Максім Жбанкоў ды іншыя.
Музычны рэдактар “Рацыі” Сяргей Пратусевіч кажа, што слухачы станцыі могуць пачуць разнаплянавую музыку. “У этэры нашага радыё можна пачуць толькі спраўджаныя часам гіты, якія добра вядомыя шырокаму колу слухачоў. Мы імкнецся данесьці ўсім, хто нас слухае, што беларускамоўная музыка можа быць якаснай, цікавай і, галоўнае, папулярнай”, - адзначае музычны рэдактар “Рацыі”. Дарэчы, беларускамоўнай музыцы ў этэры станцыі адведзеныя 85%.
Што будзе?
Па хуткім часе FM-вяшчаньне “Рацыі” мусіць выйсьці за межы Беластоку. Кругласуткава жыхары Берасьця й Гародні змогуць слухаць добрую беларускамоўную музыку і даведвацца пра самыя актуральныя навіны з жыцьця сваёй краіны. Старт трансгранічнага FM-вяшчаньня прымеркаваны на бліжэйшыя месяцы. “Ніякім чынам нельга казаць, што калектыў “Рацыі” падзяляецца на тых, хто працуе ў сэктары FM і на тых, хто рыхтуе праграмы для кароткіх і сярэдніх хваляў”, - так кажа шэф станцыі Віктар Стахвюк, - Радыё “Рацыя” – гэта адзіны вельмі моцны калектыў, які сумеснымі намаганьнямі можа дасягнуць усяго, чаго толькі захоча дзеля будучыні Беларусі”.
Паводле Хартыі-97.