viasna on patreon

Рэстаўратар полацкай царквы Уладзімер Ракіцкі пратэстуе супраць загаду Мінкульту

2007 2007-02-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за 15 гадоў мастак Уладзімер Ракіцкі быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ХІІ стагодзьдзя ў Полацку. За паўтара дзесяцігодзьдзя ім адкрытыя і адрэстаўраваныя прыкладна 150 з 600 квадратных мэтраў фрэскавага росьпісу, паведаміла Радыё Свабода.

Разам са сваімі калегамі Ракіцкі вынайшаў унікальную сістэму аднаўленьня старажытных фрэсак, дзякуючы якой ўдаецца захоўваць і пазьнейшыя слаі жывапісу.

У часе рэстаўрацыйных работ высьветлілася, што ў храме першасны жывапіс закрыты размалёўкамі XVI – XIX стагодзьдзяў. Праца для адкрыцьця найстаражытнейшых фрэсак вымагае шмат часу. Аднак кіраўніцтва Міністэрства культуры патрабуе хуткай рэстаўрацыі – цягам паўгоду. Заява прагучала пасьля наведваньня Полацку прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, які паставіў задачу ўсё скончыць да візыту ў горад Аляксандра Лукашэнкі 5 чэрвеня, на Дзень Сьвятой Эўфрасіньні.

Паводле планаў Міністэрства культуры, прапануецца не вяртацца да арыгіналу, а ўстанавіць новую сярэбраную рaку для мошчаў, а купал храму і ўвогуле пакрыць золатам. Паводле новага афіцыйнага праекту, у сярэдзіне бажніцы зробяць пляцоўку з жалезнымі лесьвіцамі для турыстаў. На думку Ўладзімера Ракіцкага, ня мае навуковай абгрунтаванасьці і ідэя стварэньня ў царкве мазаічнай падлогі. Усё гэта не адпавядае ні таму, як выглядаў храм, ні ўвогуле традыцыям, у якіх ён ствараўся.

Гэты праект рэстаўрацыі быў зацьверджаны без навуковай архітэктурнай экспэртызы і без уліку праекту рэстаўрацыі, распрацаванага Ўладзімерам Ракіцкім з калегамі. Фрэскі цяпер будуць рэстаўравацца расейскімі спэцыялістамі, якія раней на аб’екце не працавалі.

На знак пратэсту Ўладзімер Ракіцкі накіраваў заяву ў Міністэрства культуры з просьбаю зьняць зь яго абавязкі па рэстаўрацыі Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства