Сярод намінантаў на званне "Чалавек году Віцебска-2012" – Любоў Кавалёва, Сяргей Каваленка і Ігар Пасноў
Гэтыя тры вядомыя асобы, якія цягам 2012 году дамагаліся рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў і працягваюць гэта рабіць, трапілі ў шэраг намінантаў на званне "Чалавек году Віцебска-2012". Хто стане пераможцам, маюць вызначыць чытачы сайту "Народныя Навіны Віцебска", рэдакцыя якога ў першыя дні новага году традыцыйна выбірае намінантаў сярод людзей, якія фігуравалі ў навінах інтэрнэт-выдання, і найбольш спрыялі гораду і яго вядомасці.
Адбор кандыдатур і галасаванне за пэўную асобу заўжды з'яўляецца прадметам грамадскай увагі ў абласным цэнтры. Шмат спрэчак выклікае тая акалічнасць, што "ННВ" прапануе вызначыць чалавека, які паспрыяў вядомасці Віцебску не толькі ў станоўчым, але і ў адмоўным сэнсе.
Сёлета чытачам прапануецца вызначыць самую выбітную асобу 2012 года з шасці намінантаў, вылучаных "ННВ". Гэта Павел Гарадноў, які абяцаў укласці інвестыцыі у праект "Вітавія", але планы ператварыць Віцебск у цэнтр авіяперавозак не спраўдзіліся; Любоў Кавалёва, якая спрабуе вярнуць добрае імя свайму сыну, Уладзіславу Кавалёву, асуджанаму і расстралянаму за тэракт у мінскім метро; сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка, які трымаў галадоўку пратэсту ў зняволенні. А таксама мастакі Кірыл Кулікоў і Станіслаў Рабунскі — творчы калектыў “Duedro”, які першым у Беларусі пачаў ствараць на вуліцах малюнкі з ілюзіяй аб’ёмнасці; рэжысёр Аляксандр Міта, які летась здымаў у Віцебску фільм пра Марка Шагала, і дзіцячы лекар Ігар Пасноў, звольнены з парцы пасля вострай крытыкі стану медычных установаў вобласці і асабіста старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.
Галасаванне адбавыецца на галоўнай старонцы сайта news.vitebsk.cc. У13 гадзін 9 студзеня – гэта трэці дзень галасавання – найбольшую падтрымку малі кандыдатуры Сяргея Каваленкі (93 галасы) і Любові Кавалёвай (92 галасы).