viasna on patreon

“Беларуская арганізацыя працоўных жанчын” атрымала папярэджаньне.

2003 2003-08-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 ліпеня Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын” атрымала пісьмовае папярэджаньне, падпісанае першым намесьнікам Міністра юстыцыі сп. Петрашам.
На мінулым тыдні была праведзена першая з часу існаваньня арганізацыі праверка, якую ладзіла галоўны спэцыяліст Упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Натальля Кебікава. Па выніках праверкі аб’яднаньне атрымала папярэджаньне, у якім вядзецца пра парушэньне арганізацыяй Статуту, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і актаў заканадаўства. У прыватнасьці арганізацыю абвінавачваюць у парушэньні патрабаваньняў справаводзтва, неадпаведнасьці пячаткі аб’яднаньня Інструкцыі аб парадку адкрыцьця і функцыянаваньня штэмпельна-граверных прадпрыемстваў (участкаў), вырабу, уліку, захоўваньня і зьнішчэньня пячатак і штампаў. Акрамя таго ў віну Беларускай арганізацыі працоўных жанчын ставяць пазначэньне на блянках арганізацыі адрасу, які не адпавядае юрыдычнаму, стварэньне структураў, не прадугледжаных Статутам аб’яднаньня.
Цікава тое, што звычайна пасьля праверкі аб’яднаньня пры выяўленьні парушэньняў арганізацыі даецца тэрмін на іх выпраўленьне, а пасьля паўторнай праверкі выносіцца папярэджаньне.
“Гэта першая праверка. Па яе выніках выяўленыя парушэньні, якія могуць быць у любой арганізацыі. А нам нават ня далі часу на іх выпраўленьне, адразу ж папярэдзілі, - абураецца старшыня Савету грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын” Марыя Аліева. – Калі дзяржава зацікаўленая ў граматным вядзеньні справаводзтва, яна павінна ісьці насустрач грамадзкім аб’яднаньням. Такімі ж дзеяньнямі ўлады дэманструюць сваю нелюбоў да грамадзкага сэктару і да грамадзкай актыўнасьці ”.
Варта адзначыць, што грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыі працоўных жанчын” з’яўляецца актыўным удзельнікам кампаніі “Наша Салідарнасьць”, правядзеньне якой ініцыявалі арганізацыі-сябры Асамблеі НДА. За апошні месяц папярэджанае аб’яднаньне стала трэцяй ахвярай органаў юстыцыі з ліку удзельнікаў кампаніі “Наша Салідарнасьць”. Да гэтага было папярэджанае грамадзкае аб’яднаньне “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” і праведзена пятая праверка грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтар "Вясна”.
“Цяперашнія папярэджаньні – прэвэнтыўная мера па запужваньні як мага большай колькасьці актыўных і буйных аб’яднаньняў. Мы спрабуем адсочваць усе праверкі грамадзкіх аб’яднаньняў і з упэўненасьцю можам казаць, што ўсе яны ў апошні час скончваюцца папярэджаньнямі. Міністэрства юстыцыі адкрыта паказвае сваю пазыцыю ў дачыненьні да грамадзкіх аб’яднаньняў. Пасьля вынясеньня папярэджаньняў пры выяўленьні арганізацыямі актыўнасьці мінюст хутчэй за ўсё будзе альбо выносіць паўторнае папярэджаньне альбо адразу ж падымаць пытаньне аб прымусовай ліквідацыі аб’яднаньняў”, - кажа Старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” Алена Танкачова.
Алёна Андрэева, прэс-служба Асамблеі НДА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства