Палітзьняволены былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Казулін ушанаваны ганаровай прэміяй імя Юрыя Захаранкі “З адкрытым забралам”
“За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у барацьбе з антыдэмакратычным рэжымам”, — патлумачылі выбар лаўрэата заснавальнікі прэміі.
“Аляксандар Казулін варты ўзнагароды за 2006 год як чалавек, які кінуў выклік беларускаму рэжыму і не саступіў у сваёй барацьбе”, — сказаў падчас уручэньня прэміі праваабаронца Алег Воўчак, адзін з ініцыятараў незарэгістраванага руху “Абаронцы Айчыны”.
Гэты рух аб’ядноўвае прыхільнікаў дэмакратыі сярод былых і дзейных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Трэці год у канцы лютага “Абаронцы Айчыны” вызначаюць ляўрэата прэміі імя Юр’я Захаранкі “З адкрытым забралам”.
Раней прэміяй ушанавалі былога дэпутата, генэрала Валера Фралова і праваабаронцу Гары Паганяйлу. 22 лютага падчас уручэньня прэміі Аляксандру Казуліну Гары Паганяйла зазначыў: “Існаваньне Аляксандра Казуліна ў палітыцы шмат у чым вызначае гістарычную пэрспэктыву нашай Беларусі. Хачу пажадаць здароўя гэтаму мужнаму чалавеку, і каб ён хутчэй быў разам з намі”, паведаміла Радыё Свабода.
Нагадаем, былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка 2006 году.
За кратамі Аляксандар Казулін ужо амаль адзінаццаць месяцаў, цяпер яго трымаюць у віцебскай калёніі. Апазыцыя ў Беларусі й кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня Аляксандра Казуліна. Напярэдадні да гэтых патрабаваньняў далучыўся польскі Сэнат.
Жонка палітыка Ірына Казуліна падзякавала ўсім аднадумцам за падтрымку. Яе дагэтуль непакоіць пытаньне пра здароўе мужа, які яшчэ не ачуняў пасьля 53-дзённай галадоўкі пратэсту: “Стала халадней, і я вельмі непакоюся, як ён там перажывае гэты час. Бо незразумела, як пасьля такой галадоўкі чалавек аднаўляе сваю энэргетыку. Спадзяюся на адмыслоўцаў зь Міжнароднага Чырвонага Крыжа, якія абяцалі дамагацца ад кіраўніцтва калёніі, каб ім далі магчымасьць агледзець Аляксандра Казуліна. Дагэтуль увесь ягоны мэдычны агляд зьвёўся да аналізу крыві”.
Адміністрацыя калоніі “Віцьба-3” падоўжыла для Аляксандра Казуліна адмысловы рэжым выхаду з галадоўкі да 1 сакавіка.