Суд на Васільевым перавялі ў закрыты рэжым
Будзе даследавацца справа аператыўнага ўліку КДБ.
Па словах суддзі Аляхновіч, матэрыялы знаходзяцца пад грыфам «сакрэтна». Няясна, працэс да канца будзе закрытым ці толькі пакуль будуць разглядацца дакументы.
4 студзеня на працэсе над экс-намеснікам сталічнага мэра Ігарам Васільевым адбываўся допыт сведкаў і пачалося даследаванне матэрыялаў крымінальнай справы (пералік дакументаў, што маюцца і агучванне, калі раней іх не зачытвалі).
Сярод дапытаных — былы намеснік мэра Мінска Аляксандр Барысенка, начальнік аддзела дакументазвароту і кантролю кіраўніцтва справаў Мінгарвыканкама Святлана Нагорнава. Апошняя прысутнічала пры затрыманні Васільева 6 ліпеня 2012. У той дзень яна знаходзілася ў кабінеце памочніка намесніка мэра, калі ў супольнай з Васільевым прыёмнай з’явіліся незнаёмыя людзі.
Адзін з іх не дазволіў нікуды выходзіць, не прадстаўляўся і забараніў тэлефанаваць. Жанчыну гэта напалохала: «Усякія думкі палезлі ў галаву»,- адзначыла яна. Маўляў, усе маладыя людзі, з вялікай торбай, нічога не кажуць. А пасля пачаўся агляд кабінета Васільева.
Сведка Дзяніс Давыдаў, які працаваў у Камітэце эканомікі Мінгарвыканкама, расказаў пра фармалізм у працы чыноўнікаў. Ён таксама быў сакратаром Камісіі па заключэнні інвестыцыйных дамоў. Па яго словах, на пасяджэнні камісіі пытанне пра мэтазгоднасць будаўніцтва чэшскага завода па перапрацоўцы смецця не разглядалася. Хаця такое рашэнне зафіксаванае ў адмысловым пратаколе.
Давыдаў адзначыў, што гэтае пытанне ўзнікла ў канцы пасяджэння (у парадку дня ўвогуле не значылася), калі члены камісіі пачалі збірацца сыходзіць. І ніхто нічога не абмяркоўваў, не галасаваў. А супрацоўнікі гарвыканкама Яроменка і Ахроменка сказалі яму, каб пазней зайшоў узгадніць тэкст пратакола. І яны прадыктавалі рашэнне адносна завода: маўляў, бачаць мэтазгодным яго будаваць.
З агучаных на судзе дакументаў стала зразумела, якія грошы Васіль Ананьеў прынёс у кабінет Васільева — гэта 250 тысяч даляраў са «спецыяльных сродкаў» КДБ.
Пры вобшуках на кватэрах Ігара Васільева і яго родных былі канфіскаваныя каштоўнасці, ювелірныя вырабы, зліткі (не ўдакладнялася якія — верагодна, залатыя), патроны, пісталет з дазволам на яго, банкаўскія карткі...
Была зачытаная характарыстыка Мікалая Ладуцькі на Васільева.
«У канфліктных сітуацыях вытрыманы», але «бракуе настойлівасці і самастойнасці» ў прыняцці рашэнняў. З характарыстыкі вынікае, што разглядалася пытанне пра перавод намесніка мэра на іншую пасаду з меншым аб’ёмам працы.