viasna on patreon

Гомель: Уладзімір Сякерка будзе праз суд дабівацца выключэння яго з чорных спісаў на мяжы

2013 2013-01-04T10:11:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siakerka-uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Сякерка

Уладзімір Сякерка

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка 3 студзеня звярнуўся са скаргай у суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Ён просіць суд прызнаць дзеянні памежнікаў, якія знялі яго з цягніка, неправамоцнымі, і абавязаць вайсковую частку № 1242 дзяржаўнага памежнага камітэта прадставіць інфармацыю аб парадку і прававых падставах ўнясення яго ў «спісачныя базы дадзеных», а таксама аб парадку і прававых падставах выключэння з тых баз.

Нагадаем, у кастрычніку 2012 года памежнікі знялі Уладзіміра Сякерку з цягніка «Чарнігаў-Гомель», патлумачыўшы свае дзеянні тым, што грамадзянін знаходзіцца ў нейкіх «спісачных базах дадзеных па даручэнню праваахоўных органаў». Такая фармуліроўка была адлюстравана і ў рапарце, складзеным па факце высадкі з цягніка палітыка. Спробы разабрацца – у якіх спісах і чаму ён знаходзіцца, прывялі да таго, што апазіцыянера абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням службовых асоб. Суд пасля пакараў яго штрафам.

Раней Уладзімір Сякерка звяртаўся да кіраўніцтва памежнага атраду – прасіў патлумачыць прычыны і падставы ўнясення яго асабістых дадзеных у так званыя «спісачныя базы дадзеных». З атрыманага адказу ад кіраўніцтва памежнага атраду стала вядома, што службовыя асобы памежнага атраду, якія ажыццявілі высадку апазіцыянера з цягніка, не валодаюць звесткамі аб знаходжанні дадзеных грамадзяніна ў «спісачная базах дадзеных».

«Адмову кіраўніцтва памежнага атраду даць інфармацыю, якая закранае мае правы і законныя інтарэсы, я палічыў неправамерным, і звярнуўся 15 лістапада з адпаведнай заявай у вышэйстаячую структуру - дзяржаўны памежны камітэт. Адтуль прыйшоў адказ, што звесткі, якія мяне цікавяць, а менавіта парадак і прававыя падставы ўнясення маіх асабістых дадзеных у спісачныя базы дадзеных, а таксама выключэння з іх, адносяцца да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання ў адпаведнасці з законам «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі». Аналагічны адказ я атрымаў на сваю скаргу ад гомельскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора», - піша ў скарзе ў суд Уладзімір Сякерка.

Ён лічыць дзеянні службовых асоб па адмове ў прадстаўленні яму інфармацыі, якая закранае яго правы і законныя інтарэсы, неправамоцнымі, таму што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя. Таксмама дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства