На паседжаньні Рады ЕС па пытаньнях юстыцыі і ўнутраных справаў прынятае рашэньне аб заснаваньні Агенцтва Еўрапейскага Саюзу па пытаньнях абароны асноўных правоў чалавека
Паседжаньне адбылося 15 лютага. Агенцтва заснаванае на базе Еўрапейскага маніторынгавага цэнтру па пытаньнях расізму і ксенафобіі са штаб-кватэрай у Вене, паведаміла прэс-служба Хартыі-97.
Мэта Агенцтва – дапамога і экспертная падтрымка па пытаньнях абароны асноватворных правоў чалавека. Агенцтва мае права падаваць свае заключэньні інстытутам і дзяржавам-сябрам ЕС аб сумяшчальнасьці нормаў або мераў, накіраваных на імплементацыю права ЕС, з прынцыпамі асноватворных правоў чалавека. У сваіх заключэньнях Агенцтва будзе кіравацца Хартыяй асноватворных правоў Еўрапейскага Саюзу.
Акрамя таго, у функцыі Агенцтва ўваходзіць публікацыя агляду сітуацыі з захаваньнем асноватворных правоў у ЕС і ўзорных практык у гэтай сьферы.
Агенцтва пачне сваю працу 1 сакавіка 2007 года.