Канстанцін Лукашоў пакараны двухгадовым зьняволеньнем з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Ён таксама павінен выплаціць міліцыянту 1 мільён рублёў маральнай шкоды
Сёньня, 20 лютага, а 10 гадзіне раніцы судзьдзя Ленінскага райсуду Красоўская З.В. абвясьціла прысуд па крымінальнай справе Канстанціна Лукашова, брата апазіцыянера Вячаслава Сіўчыка. Некалькі дзясяткаў людзей прыйшлі падтрымаць нявіннага чалавека, сярод іх - родныя, сябры, прадстаўнікі грамадзкасьці, праваабаронцы, журналісты.
Канстанцін Лукашоў прызнаны вінаватым у здзяйсьненьні злачынства па арт. 364 КК РБ - гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі, і пакараны двумя гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Таксама сп. Лукашоў павінен сплаціць міліцыянту Сушчэні 1 мільён беларускіх рублёў маральнай кампенсацыі і аплаціць дзяржпошліну і судовыя затраты.
Вынесеннае пакараньне ПЦ "Вясна" пракаментаваў Вячаслаў Сіўчык: “ На вялікі жаль, Ленінскі суд прадэманстраваў, што незалежнага суда ў Беларусі аб’ектыўна існаваць ня можа, таму што пры аўтарытарным рэжыме падзела ўлады проста не існуе. Натуральна, я задаволены, што нявінны чалавек - мой брат – сёньня выйшаў на волю, але я лічу, што вельмі небясьпечна для беларускага грамадзтва, калі так груба папіраецца права, калі груба так папіраюцца беларускія законы”.
Сам Канстанцін Лукашоў адразу пасьля свайго арышту меў надзею, што справу закрыюць альбо пакараньне будзе мінімальным:
"Спачатку было адчуваньне, што мяне як незаконна затрымалі, так павінны былі і ціха адпусьціць. Калі б не было рэзанансу, напэўна, так і зрабілі б: патрымалі б недзе да выбараў у мясцовыя Саветы, а пасьля іх і выпусьцілі. Можа быць...
Я хачу падзякваць праваабронцам і ўсім грамадзянам, якія падтрымалі мяне, бо гэта, дарэчы, асноўнае. І вельмі добра, што ў нас ёсьць такія арганізацыі і людзі, якія не кідаюць чалавека ў складаны час, я адчуваў падтрымку з усіх бакоў: і ад сваякоў, і ад сваіх сяброў, - ад многіх людзей, і мне яна была вельмі патрэбная.
Калі гаварыць пра прысуд, то ў судзьдзі не было іншага выйсьця насамрэч, таму я яе па-чалавечы разумею... Але адказваць за ўсё гэта прыйдзецца, бо калі выносяць прысуд па тэлефоннаму праву, то гэта нікуды ня варта. Наконт абскарджваньня магу сказаць, што ў нашай краіне разьлічваць на нешта ня мае сэнсу, аднак усё-роўна трэба прайсьці ўсе гэтыя працэдуры”.
Актывіст незарэгістраванай ініцыятывы "Партнёрства" Цімафей Дранчук прысутнічаў на судовых паседжаньня і лічыць справу Канстанціна Лукашова працягам той палітычнай крымінальнай кампаніі, якую даўно ўжо праводзяць улады Беларусі ў дачыненьні да грамадзкіх актывістаў: "Глупа, канешне, радавацца такому прысуду, улічваючы, што ён ні за што. Аднак я ўсё-роўна рады, што Кастусь сёньня вызвалены, што ён здолее абняць сваіх родных, таму што я сам нядаўна паспытаў гэтыя адчуваньні, калі пасьля дзесяці месяцаў я нарэшце выйшаў на волю, хаця гэты тэрмін абсалютна ні за што адседзеў".
Нагадаем, што навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі быў затрыманы на працоўным месцы 19 сьнежня ў той дзень, калі ягонай маці споўнілася 65 гадоў. Па словах сьледчага, падставай для арышту паслужыла тое, што ён не зьяўляўся на допыты. Два месяцы сп. Лукашоў незаконна ўтрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага. Абвінавачаньне ў наездзе на ўласным аўтамабіле на супрацоўніка праваахоўных органаў тычыцца падзеяў 29 сакавіка 2006 году, калі Канстанцін Лукашоў забіраў са шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка, якога меліся арыштаваць за ўдзел у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы. Невядомыя людзі ў цывільным спрабавалі спыніць машыну, аднак Вячаславу Сіўчыку, дзякуючы брату, удалося пазьбегнуць затрыманьня.