Геаграфія эмоцыяў і ўражаньняў Алеся Бяляцкага (шмат фота)
Да Алеся
Бяляцкага ў бабруйскую калонію працягваюць ісці паштоўкі і лісты з розных
канцоў сьвету. З Польшчы, Нямеччыны, Галандыі,
Люксембургу, Бельгіі, Аўстрыі, Швецыі, Англіі, Ірландыі, Канады, Японіі,
Тайваню. Ад дарослых і дзяцей. Некаторыя з іх натхняюць палітвязьня на
каментары, выклікаючы ў яго жаданьне падзяліцца сваімі ўражаньнямі.
З ліста ад 4 сьнежня
Дасылаю некалькі паштовак з тых, якія прыйшлі да мяне за апошні тыдзень і нечым адметныя і памятныя.
Тая, што з Англіі, з Бірмінгему, з показкаю, гэта мой далёкі сябра ўжо ня першы раз падтрымлівае мяне такім чынам – показкамі з чыста ангельскім гумарам.
Чатыры паштоўкі, далікатна намаляваныя, прыйшлі з Канады, з Квебеку, па-французску. Тэкст я прачытаць не магу, але разумею, што мяне падтрымліваюць у “маёй барацьбе” і жадаюць мне “куражу”, за што ім дзякую.
І ня меньш мяне захапляюць малюнкі – і
гэтыя канадзкія краявіды, і вазон з жоўта-ліловымі кветкамі, і далікатная персікавая
кветачка з надпісам “Банжур”.
Цікавая і наступная паштоўка. Прыродныя аўстрыйскія краявіды спалучаныя са здымкамі старой гарадзкой архітэктуры, а ў сярэдзіну ўмантаваны мой здымак. Дзіўнае пачуцьцё – атрымліваць паштоўкі з сваім уласным абліччам.
Паштоўку гэтую падрыхтавала Amnesty International з Аўстрыі, з Вены. На адвароце яны з аўстрыйскай педантычнасцю падпісалі, хто ёсьць хто – дзе горы, дзе палацы і дзе Бяляцкі, не забыўшыся ўказаць і аўтара здымку Юлю Дарашкевіч.
Тры лісты – з Англіі, Канады і Аўстрыі – і ў кожным з іх можна разглядзець нацыянальны характар тых, хто іх даслаў. А вось тое, што іх усіх аб’ядноўвае – гэта неабыякавасьць.
З ліста
ад 12 сьнежня
Зноў
хачу даслаць некалькі паштовак, якія прыцягнулі маю ўвагу. За панядзелак –
аўторак [10-11 cьнежня]
прыйшло іх 33 штукі.
Сярод іх – паштоўка з Тайваню, гэтай незалежнай кітайскай
выспы. І напісала мне адтуль спадарыня Мімі Чэн, па-кітайску і па-беларуску.
Паштоўка з Швецыі апроч усяго спадабалася мне маркаю з чырвоным геаметрычным
узорам на шаліку. Яны, узоры, нагадваюць мне ўзоры нашых беларускіх рушнікоў.
Паштоўка з Нямеччыны, якую падпісалі 12 асобаў.
Паштоўку з Аўстрыі даслала мне сям’я Schagerl. Насамрэч, я не думаю, што яны
вось так увесь час думаюць пра мяне. Але тое, што яны думалі і пра мяне, і пра
Беларусь, калі запаўнялі гэтыя паштоўкі, несумненна. І гэтая салідарнасьць ня
толькі са мною, але ж і з усімі беларусамі, хто знаходзіцца зараз у няпростай
сітуацыі, і, больш шырэй, з усімі беларусамі.
З ліста ад 15 сьнежня
Дасылаю чарговыя паштоўкі і малюнкі, якія прыйшлі да мяне ў апошнія дні. Дзеці з Польшчы даслалі мне малюнкі кветак. Нажаль, адваротнага адрасу на канверце няма, і адзінае, што я магу ведаць, што гэтыя дзеці жывуць у Польшчы. Усяго малюнкаў 14 – ад Пятра, Алівіі, Паўліны, Дагмары, яшчэ раз Алівіі і Паўліны, Бені і Патрыцыі, іншыя ж не падпісаныя. Ёсьць у гэтай ананімнасьці нейкая наіўная шчодрасьць душы. Яны як бы гавораць: няважна, дзядзька Алесь, адкуль мы, але гэта – табе! Я ім шчыра ўдзячны.
Наступная група паштовак, іх было 9 штук, дасланыя з гораду Падвеску, з школьнай групы Amnesty International № 104. Відаць, што яны выконвалі школьнае заданьне і старанна выпісвалі словы невядомымі для іх кірылічнымі літарамі. У іх выдатна атрымалася. Дзеці, якіх з маленства вучаць адгукацца на чужую бяду, вырастуць неабыякавымі да розных праяваў жыцьця.
Прыйшлі таксама дзьве паштоўкі ад дзяцей з Гданьску. І там старанна выкананы кірыліцай беларускі надпіс.
Паштоўка з восеньскім краявідам з Радаму.
Надпіс на паштоўцы – самотна-рамантычны, неафіцыйны: “Хоць лісьце шалясьціць пад нагамі – памятаем пра любімую Вамі восень”. Запамінальныя і кранальныя і паштоўка і сам надпіс.
З ліста ад 17 сьнежня
Прыйшлі тры паштоўкі з Японіі, дзьве з якіх я дасылаю. Яны вельмі простыя. І тое, што гэта паштоўка, сьведчыць ледзь бачны надпіс па берагу справа: post card [на адваротным баку].
Прозьвішчы і імёны маіх далёкіх японскіх сяброў выкананыя лацінкаю і японскімі іерогліфамі. Абедзьве паштоўкі ўпрыгожаныя сьцікерамі з японскай тэматыкай. Там ёсьць і вулкан, і чырвонае сонца, і лялька, размаляваная ў японскім стылі. Я сказаў бы, вельмі стыльныя паштоўкі.
Наступныя дзьве паштоўкі прыйшлі з Аўстрыі. Яны стандартныя, падрыхтаваныя спецыяльна для акцыі падтрымкі.
Са зьместу ў адной з іх можна даведацца, што група студэнтаў з універсітэту горада Леобен падпісалі мне некалькі паштовак. Анна, якая мне пра гэта паведамляе, спадзяецца, што гэта мне хоць троху дапаможа. Кветачка, дамаляваная Аннай напрыканцы тэксту, робіць яго больш чалавечым і асабістым. Усяго з Леобену прыйшло пяць такіх паштовак.
Другая аўстрыйская паштоўка прыйшла па-нямецку. Тэкст я, нажаль, не магу зразумець. Але тое, што два апошнія сказы сканчаюцца клічнікамі, гаворыць пра экспрэсію аўтара і пра ягонае жаданьне выказаць штосьці гучна і даходліва.
Яшчэ ў адным лісьце з Аўстрыі знаходзіцца копія звароту да
прэзідэнта Беларусі. Такія лісты дасылаюць у Менск на Карла Маркса, 38 сябры
праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
Наступная паштоўка з сьмешным сьнегавіком прыйшла з Канады, з правінцыі Квебек. Яна – па-французску.
Сьнегавік на ёй нейкі свойскі, у яго ўсё непрапарцыйна: вочы, румянец на шчоках, скрыўленая усьмешка - але праз гэта ён толькі мілы. Я думаю, ён пасаваў бы да замкаў з сьнегавых блокаў, набудаваных зараз на газонах у нашай калоніі. Сьцены ў іх таксама крывыя і, здаецца, вось-вось паваляцца. Як быццам бы дзеці іх зрабілі.
Наступная паштоўка з Галандыі - чыста галандскі пейзаж, з ветраным млыном і дзецьмі, якія катаюцца на каньках на лёдзе.
Зьмест гэтай паштоўкі, хоць і просты, але ж скампанаваны вершам, што гаворыць пра тое, аўтар запісу сапраўды хацеў зрабіць адрасату штосьці прыемнае.
А вось паштоўка з Ірландыі выклікала ў мяне найбольш асацыяцыяў. Выява карціны жывапісца Юзафа Цёрнера мае назву Rail, Steam and Speed, што я тлумачу як “Чыгунка, Пара і Хуткасьць”. Можа, гэта не зусім дакладны пераклад, ці, наадварот, занадта літаральны, але не гэта галоўнае. Галоўнае тое, што што я бачу на гэтай карціне: цягнік, які цягне паравоз у жоўта-карычневым тумане, марыве. Марыва такое, што ня бачым ані навакольля, ані бляску рэек, толькі неба прабіваецца праз клубы жоўтага пылу.
Відавочна, што галоўным словам у назве карціны зьяўляецца “Хуткасьць”. І гэтая хуткасьць дае адчуваньне руху, свабоды. Вось гэтым яна і чапляе мяне.
І апошняя паштоўка - з Бельгіі. І пачынаецца яна так: Cher Ales – дарагі Алесь, перакладаю я з французскай знаёмае слова. Гэтае сher я сустракаў у рамане Л.Талстога “Вайна і мір”.
А на паштоўцы, верагодна, краявіды афрыканскай саваны. Наперадзе – сухія кусты, рэдкія дрэвы, а далей – ходзяць ледзь бачныя жывёлы, а яшчэ далей, на заднім плане, уздымаюцца цёмныя пагоркі. Адчуваньнем спакою вее ад гэтай паштоўкі.