16 лютага адзначаны традыцыйны Дзень Салідарнасьці. Затрыманьні былі ў Салігорску
Не толькі ў гарадах Беларусі, а і ў шмат якіх краінах сьвету адзначаны Дзень беларускай салідарнасьці, які гэтым разам праходзіў ужо шаснаццаты раз. Актывісты дэмакратычных моладзевых арганізацыяў апошнім часам аддаюць перавагу кароткачасовым акцыям, мэтай якіх ставяць шырэйшае інфармаваньне грамадзтва пра палітычную сітуацыю ў краіне. Моладзевы лідэр Франак Вячорка лічыць, што Дні салідарнасьці ў нечым зьмянілі Беларусь: “За тыя акцыі, якія адбываліся, Беларусь сапраўды зразумела каштоўнасьць яднаньня, каштоўнасьць салідарнасьці. Леташняя выбарчая кампанія паказала, што толькі аб’яднанымі высілкамі мы зможам перамагчы. Я думаю, што Дзень салідарнасьці павінен стаць кожным днём кожнага беларуса, якому неабыякавыя каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі”, - заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.
150 моладзевых актывістаў прайшлі з запаленымі свечкамі па праспекце Францыска Скарыны (Незалежнасці) у Менску. Такім чынам маладыя беларусы выказалі салідарнасць з палітвязнямі і сем’ямі зніклых апазіцыянераў.
Удзельнікі акцыі салідарнасці пачалі збірацца а 18 гадзіне ля парка Максіма Горкага, аднак там іх ужо чакалі супрацоўнікі АМАПа ў форме і ў цывільным. Міліцыянты патрабавалі, каб маладыя людзі разышліся і бесцырымонна вырывалі і выбівалі з іх рук свечкі. Тады ўдзельнікі акцыі салідарнасці пайшлі па праспекце Скарыны ў сквер імя Янкі Купалы, дзе паставілі свечкі ля помніка паэту.
Супрацоўнікі АМАПа ўсю дарогу суправаджалі моладзевых актывістаў, а ў скверы імя Янкі Купалы, калі людзі паставілі свечкі на зямлю, сталі таптаць агеньчыкі нагамі. Ніхто з удзельнікаў акцыі, аднак, затрыманы не быў.
Як паведаміла прэс-служба Хартыі-97, у шматлікіх раёнах сталіцы віселі транспаранты са словамі «Свабоду палітвязьням!».
У Бабруйску акцыя салідарнасьці са зьніклымі палітыкамі і палітвязьнямі адбылася каля капліцы на вуліцы Мінскай. Людзі сабраліся з запаленымі свечкамі, і ўпершыню правядзеньню акцыі не заміналі супрацоўнікі міліцыі.
У той жа час у Салігорску мірная акцыя была практычна сарваная прадстаўнікамі праваахоўных ворганаў. Як паведаміў saligorsk.org, перад самым пачаткам мерапрыемства на цэнтральнай плошчы гораду байцы менскага сьпецназу з ужываньнем фізічнай сілы затрымалі 10 чалавек, у тым ліку Ўладзіміра і Івана Шылаў, Зьмітра і Дзяніса Карнова, Дзяніса Талпеку, Анатоля Мірашнічэнку, Андруся Тычыну. Праз некалькіх гадзінаў усе затрыманыя дэмакратычныя актывісты былі вызваленыя. Прэс-служба МФ адзначае, што выкарыстаньне ўладамі сьпецназу з Менску сьведчыць аб тым, што мясцовыя прадстаўнікі праваахоўных органаў проста ня могуць нічога “зрабіць” з моладзевым супрацівам у Салігорску, таму ім дапамагаюць калегі з беларускай сталіцы.
Акцыі салідарнасьці адбыліся ў Вашынгтоне, Варшаве, Любліне, Кракаве, Санкт-Пецярбурзе, Маскве, Бруселі, Стакгольме, Празе і іншых гарадах і краінах.