Сяргей Вазняк: «Смалявіцкая міліцыя зглупіла, затрымаўшы чацвярых мінскіх журналістаў»
На абвешчаную на 24 снежня сустрэчу дэпутата Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Ягора Лебядка з Мінска прыехалі пяцёра журналістаў. На жаль, ні адзін з іх у залу мясцовага Палаца культуры не патрапіў - іх затрымала міліцыя.
"За некалькі хвілін да пачатку сустрэчы дэпутата з выбаршчыкамі нас, журналістаў Петрушэнку, Пяшко, Бурыева і нашага кіроўцу затрымалі падпалкоўнік Андрэй Мартысюк і два ўчастковыя ў форме, - паведаміў Сяргей Вазняк. - Яны запатрабавалі прад'явіць дакументы. Мы паказалі пашпарты. Гэтага аказалася мала для высвятлення асобы і мэты нашага прыезду, і нас правялі ў мясцовае РАУС. Мы прабылі там каля дзвюх гадзін. Я лічу, што дзеянні міліцыі - гэта выкананне нейкага алгарытму. Проста ўлада зачынена настолькі, што прадстаўнікоў незалежнай прэсы проста баяцца ... Я лічу, што мясцовыя сілавыя структуры зглупілі, затрымліваючы журналістаў, якія мірна выконвалі свае службовыя абавязкі".
Дэпутат Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Ягор Лебядок так пракаментаваў затрыманне журналістаў: “Пасля сустрэчы з выбаршчыкамі, якая доўжылася каля паўтары гадзіны, я прыходзіў у міліцыю, каб даведацца, чаму затрымалі журналістаў. У гэты час іх ужо выпускалі. Мне паведамілі, што іх затрымлівалі для высвятлення асобы. Міліцыя мае на гэта права. Я не супраць таго, каб на маіх сустрэчах прысутнічалі прадстаўнікі прэсы”.
У сваю чаргу, Сяргей Вазняк паведаміў, што пасля святаў, ужо ў бліжэйшую сераду, Беларуская асацыяцыя журналістаў, сябрам праўлення якой Сяргей з'яўляецца, пашле Ягору Лебядку афіцыйны ліст з просьбай паслаць дэпутацкі запыт у мясцовы РАУС з нагоды затрымання журналістаў.