Цэнзар гарадзенскай турмы забраў калядную паштоўку Дашкевіча
Цэнзар гарадзенскай турмы, дзе трымаюць лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, не прапусьціў ад яго калядную паштоўку, якую палітвязень дасылаў свайму сябру Эдуарду Лобаву.
Пра гэта паведаміла «Свабодзе» маці Эдуарда Лобава Марына.
«Атрымала ад Зьмітра Дашкевіча ліст, у якім ён піша, што ўкладае ў капэрту калядную паштоўку для Эдзіка. Але паштоўкі ў капэрце не было. Значыць, яе забраў турэмны цэнзар. Атрымліваецца, што ім нават нельга павіншаваць адзін аднаго з Калядамі! Раней, калі Дашкевіч сядзеў у глыбоцкай калёніі, ён часта ўкладаў паштоўкі для сына і яны заўсёды даходзілі. Нават адна паштоўка, віншаваньне з днём народзінаў, дайшла і з Гародні. А вось калядная — не. На Каляды пільнасьць цэнзуры яўна павысілася», — робіць выснову маці палітвязьня Марына Лобава.
Эдуард Лобаў адбывае 4 гады зьняволеньня ў івацэвіцкай калёніі. Зьміцер Дашкевіч болей за месяц таму быў пераведзены з мазырскай калёніі ў гарадзенскую турму як злосны парушальнік рэжыму. Абодва актывісты асуджаны нібыта за хуліганства. Інцыдэнт з іх удзелам адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Дашкевіч, які атрымаў за яго 2 гады, мусіў некалькі дзён таму выйсьці з-за кратаў, але ў жніўні яго зноў судзілі і далі яшчэ год за непадпарадкаваньне адміністрацыі.