Затрыманых журналістаў адпусьцілі
Актывіста «Гавары праўду» Сяргея Вазьняка, а таксама Мікалая Петрушэнку, Сяргея Кручкова? журналістаў газэты «Новы час» Вячаслава Пяшко і Лолу Бурыеву затрымалі 24сьнежня ў Смалявічах.
14.50 Вячаслава Пяшко
адпусьцілі з пастарунку. Вячаслаў сказаў, што Лоле Бурыевай міліцыянты
аддалі носьбіты інфармацыі, а яму пасьведчаньне журналіста.
14.30 Міліцыянты апыталі Вячаслава Пяшко, хто ён,
адкуль прыехаў, для якога выданьня ён зьбіраўся рабіць матэрыял.
Міліцыянты аддалі яму пашпарт, але пасьведчаньне журналіста пакуль
не аддаюць.
14.25 Лолу Бурыву адпусьцілі.
У яе забралі носьбіты інфармацыі флэшкі і вінчэсьцер.
Працягваецца апытаньне Вячаслава Пяшко.
13.15 Сяргея Вазьняка, Мікалая Петрушэнку і
Сяргея Кручкова выпусьцілі са Смалявіцкага РАУС. Журналістаў
газэты «Новы час» Вячаслава Пяшко і Лолу Бурыеву пакуль трымаюць у пастарунку.
У пастарунак прыехаў дэпутат Ягор Лебядок,
які пагутарыў з затрыманымі. Сяргей Вазьняк папрасіў, каб дэпутат зрабіў
запыт і высьветліў прычыны, па якіх журналістаў не пусьцілі
на сустрэчу зь ім і чаму затрымалі. Дэпутат паабяцаў гэта
зрабіць.
12.03 Актывіста «Гавары праўду»
Сяргея Вазьняка, а таксама Мікалая Петрушэнку, Сяргея Кручкова журналістаў
газэты «Новы час» Вячаслава Пяшко і Лолу Бурыеву затрымалі ў Смалявічах. Цяпер
яны знаходзяцца ў пастарунку, міліцыянты тлумачаць — для высьвятленьня асобаў.
Яны прыехалі ў Смалявічы, каб паўдзельнічаць у сустрэчы
з дэпутатам мясцовага савету, якая праходзіць у раённым доме культуры.
Аднак на гэтую сустрэчу іх не пусьцілі, распавёў Сяргей Вазьняк карэспандэнту
«Свабоды»:
«Нас сустрэў намесьнік начальніка Смалявіцкага РУУС, начальнік аддзелу аховы
правапарадку падпалкоўнік Андрэй Мартысюк і яшчэ два міліцыянты.
У нас узялі пашпарты і загадалі прайсьці ў пастарунак для
высьвятленьня асобаў. Журналісты паказвалі свае пасьведчаньні. Але яны сказалі,
што маюць права затрымаць нас на тры гадзіны».
Журналісты распавялі, што нават не пасьпелі пачаць відэаздымкі.
Сяргей Вазьняк распавёў:
«Мы сёлета займаліся кітайскім тэхнапаркам і мне было цікава, што
будзе гаварыць пра гэта дэпутат. Наогул, хаця ў нас і ёсьць
у законе норма, што дэпутаты павінны весьці справаздачу, але яны гэтага
не робяць. А тут дэпутат павесіў аб’яву, сабраў людзей. У мяне
была тэма, зьвязаная з кітайскім тэхнапаркам. Калі б я патрапіў
на сустрэчу, то я ім задаў бы пытаньне пра яго
стаўленьне да гэтага тэхнапарку. Як ён ацэньвае, падтрымлівае ці не, ён за
чыноўнікаў ці за сваіх выбаршчыкаў? Мы ў прынцыпе не супраць інвэстыцыйнага
праекта. Нас турбуе, што гэта вельмі закрытая працэдура, не было адкрытага
тэндэра і не ўлічваліся інтарэсы дачнікаў і вяскоўцаў.
Не было абмеркаваньня, слуханьняў па гэтым пытаньні. Бо людзі
занепакоеныя, што будуць зносіць іх дамы. Тут жа і мітынгі
праходзілі, людзі зьбіралі подпісы. Мы хочам, каб гэта ўсё праходзіла
адкрыта і з улікам думкі грамадзянаў».
Улады плянуюць пабудаваць на тэрыторыі Смалявіцкага раёна
кітайска-беларускі індустрыяльны парк на плошчы 8048 га.
У чэрвені Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ № 253.