Алеся Макаева будуць судзіць за арганізацыю святкавання ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну
Грамадскі актывіст Алесь Макаеў зноў можа сустрэць Новы год за кратамі. Ён атрымаў позву з патрабаваннем з'явіцца 27 снежня ў 9.30 у суд Маскоўскага раёна Мінска.
Макаева абвінавачваюць у арганізацыі масавага мерапрыемства, якое было прымеркавана да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну:
- Падчас Слуцкага збройнага чыну яны склалі пратакол у Грозаве - у першым месцы вандроўкі ў гонар Слуцкіх паўстанцаў. Быў аб’езд мясцінаў, дзе ўсталяваныя памятныя крыжы – гэта Грозава, Семежава і Чырвоная Слабада. Мы праехаліся са сцягамі па трох месцах, тады копыльскія міліцыянты склалі пратакол, у чацвер 27 снежня будзе суд.
Яшчэ ў сярэдзіне снежня да Макаева прыязджалі міліцыянты з прэтэнзіямі ў справе несанкцыянаванай акцыі. Тады актывіст заявіў, што ніякага масавага мерапрыемства ён не арганізоўваў, а месцы звязаныя з падзеямі 1920 года на Случчыне наведвала звычайная група людзей.