Сяргея Каваленку 19 снежня выклікалі на “прафілактычную гутарку”
Актывіста віцебскай Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку 19 снежня на 17-ю гадзіну выклікаюць на “прафілактычную гутарку”. На гутарку выклікае інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Віцебска Таццяна Карась. “Мэту і тэму «прафілактычнай размовы» з маім мужам агучыць яна адмовілася,” – кажа жонка былога палітвязня Алена Каваленка.
- Тэлефанавала інспектар і сказала, што заўтра трэба прыйсці на прафілактычную гутарку. Сяргей пацікавіўся, пра што будзе гутарка, на што інспектар сказала, што даведаецца пасля. Мяне, безумоўна, гэта непакоіць, бо год таму 19 снежня прыехалі і яго забралі. У мінулы раз сказалі таксама, што вязуць яго на гутарку з пракурорам у справе нашых скаргаў, што нам не падабалася, як яны турбавалі нас уночы, перашкаджалі спаць дзецям. І прыйшоў ён дамоў пасля таго выпадку толькі праз 9 месяцаў пасля турмы.
Якраз год таму быў затрыманы Сяргей Каваленка. Ён атрымаў год зняволення за парушэнне правілаў адбыцця хатняй хіміі, да якой яго асудзілі пасля таго, як ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. У вязніцы Сяргей Каваленка некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі, быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычны шпіталь на абследаванне. Апошнім месцам адбыцця пакарання для яго была магілёўская калонія. Сяргея Каваленку і актывіста анархісцкага руху Паўла Сарамалотава памілаваў Аляксандр Лукашэнка 26 верасня.