viasna on patreon

Затрыманых у Віцебску актывістаў БХД абвінавачюць у дробным хуліганстве

2012 2012-12-19T18:19:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyjant-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманых у Віцебску актывістаў БХД Станіслава Лаўрэнава  і Аляксея Кішчука абвінавачваюць у дробным хуліганстве -- "нецэнзурнай лаянцы". Затрыманьне адбылося каля 11 раніцы, але суду над затрыманымі так і не было. Абодвух змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання  прынамсі на бліжэйшую ноч. Ці будзе суд заўтра, хлопцам не кажуць таксама.

Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, якой кіраваў Станіслаў Лаўрэнаў, але чамусьці сталі правяраць дакументы і ў Аляксея Кішчука. У яго не было пры сабе пашпарта, і хлопца павезлі ў міліцыю, каб спраўдзіць асобу. Але там адразу склалі пратаколы, нібыта абодва "лаяліся матам", а  Станіслаў Лаўрэнаў нібыта не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

"Нічога такога не было. Мы ехалі набываць падарунак сябру на дзень народзінаў. Машыну спынілі, сталі правяраць дакументы Станіслава, потым мае. Потым на ягонай машыне ён паехаў у пастарунак з супрацоўнікамі міліцыі, а мяне павезлі асобна. У Першамайскім РАУС нас трымалі больш за тры гадзіны, потым павезьлі ў Першамайскі райсуд, каб судзіць за хуліганства. Але суду не было, нас завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, і ніхто не кажа, на якой падставет нас тут трымаюць", - распавёў Аляксей Кішчук.

Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, мяркуе, што затрыманне хлопцаў звязана толькі з тым, што дзейнасць прыхільнікаў БХД у Віцебску апошнім часам актывізавалася:

"16 снежня ў горадзе былі вывешаны бел-чырвона-белы сцяг і банэр «Свабоду палітвязням». А за некалькі дзён да таго па Віцебску ездзіў тралейбус з прымацаваным бел-чырвона-белым сцягам, і  гэтую акцыю таксама зладзілі прыхільнікі стварэння БХД. Сёння 19 снежня, угодкі Плошчы, і міліцыянты яўна апасаюцца, што нехта можа зладзіць яшчэ нейкую палітычную акцыю".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства