У Віцебску затрымалі двух прыхільнікаў БХД
Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўрэнаў знаходзяцца ў Першамайскім РАУС. Машыну, якой кіраваў Лаўрэнаў, спыніла ДАІ.
Інспэктары вырашылі праверыць
дакумэнты і ў кіроўцы, і ў пасажыра. У Аляксея Кішчука не было
пры сабе пашпарта, таму яго павезьлі ў райаддзел, каб спраўдзіць асобу.
Станіслава Лаўрэнава вінавацяць
у тым, што ён нібыта не падпарадкоўваўся загадам міліцыянтаў,
апавяла каардынатарка па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец:
«Падстава для затрыманьня незразумелая: хлопцы проста ехалі ў машыне. Але,
зь іншага боку, сёньня 19 сьнежня, угодкі Плошчы. І віцебская
міліцыя, верагодна, пайшла на прэвэнтыўныя захады, каб прадухіліць праявы
апазыцыйнай актыўнасьці».
Апошнімі днямі ў Віцебску насамрэч бачна актыўнасьць прыхільнікаў
стварэньня партыі БХД. 16 сьнежня, у Дзень салідарнасьці
з палітвязьнямі, віцебскія актывісты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг
і банэр «Свабоду палітвязьням» на чыгуначным мосьце ў раёне
Зеленагурскай вуліцы. А за некалькі дзён да таго
па Віцебску езьдзіў тралейбус з прымацаваным бел-чырвона-белым
сьцягам.
У інтэрнэце было абвешчана, што гэтую акцыю таксама зладзілі прыхільнікі
стварэньня БХД у гонар угодкаў зацьвярджэньня нацыянальных сымбаляў
Вярхоўным Саветам 11 сьнежня 1991 году.