viasna on patreon

Савет Рэспублікі лічыць дастатковай папулярызацыю беларускай мовы

2012 2012-12-19T15:27:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel-mova-u.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адказ з Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі прыйшоў аўтару ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігару Случаку. Нагадаем, гомельскі актывіст прапаноўваў увесці інавацыю: даплочваць прэмію тым чыноўнікам і супрацоўнікам арганізацый, якія вядуць сваю дакументацыю па-беларуску.

У адказе адзначаецца, што ў Беларусі ладзіцца дастаткова мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а ў краіне налічваецца больш за 3200 груп з арганізацыяй адукацыйнага працэсу на беларускай мове, у якіх навучаецца каля 46 тысяч дзяцей.

Далей у адказе тлумачыцца, што на падставе канстытуцыйных нормаў і руская, і беларуская мовы маюць роўны статус. Таму ўсялякія прывілеі ці абмежаванні правоў па моўных прыкметах недапушчальныя.

«Хоць і быў атрыманы адмоўны адказ, я мушу з ім пагадзіцца, бо фармальна па дзеючых прававых нормах цэнтралізаванае наданне прывілеяў носьбітам адной з моваў па моўнай прыкмеце недэмакратычна, - каментуе Случак. -  Хоць у выпадку беларускай мовы гэта было б цалкам апраўдана і жыццёва неабходна. Але ніхто не забраняе, што падмацоўвае і адказ з Савета Рэспублікі, наймальнікам самім уводзіць дадатковыя нормы, што могуць стымуляваць ужыванне беларускай мовы ў справаводстве. Застаецца толькі верыць і спадзявацца на тое, што наймальнікі-беларусы, а іх у нашай краіне 80%, зробяць так, каб мова іх нацыянальнасці заняла дамінуючыя пазіцыі напачатку ў іх установах, а пасля і ў межах усёй Беларусі. Усё залежыць ад кожнага».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства