viasna on patreon

У Горках сям’я з маленькімі дзецьмі жыве ў экстрэмальных умовах

2012 2012-12-19T15:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uzgorak-dzeci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У горадзе Горкі две сям’м жывуць у доме без ацяплення і гарачай вады, пры тым, што тэмпература паветра на вуліцы апускаецца ніжэй за -20 С. Дом № 6 па вуліцы Ціміразева быў расселены перад “Дажынкамі”, аднак дзве сям’і адмовіліся пакідаць займаемыя кватэры, бо ім не прадставілі раўназначнае жыллё.

Зараз людзі вымушаны жыць у экстрэмальных умовах, бо ацяпленне ў доме не было падключана з пачатку сезона, а тыдні паўтара таму адключылі і гарачую ваду. Між тым у адной сям’і выхоўваюцца дзеці ва ўзросце шэсць месяцаў і пяць гадоў.

Будынак па вуліцы Ціміразьева з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, яго збіраюцца рэстаўраваць, таму жыхароў з дому № 6 адсялілі і забяспечылі новым жытлом. Аднак сем’ям дзвюх жанчын, Алены і Жаны, новыя кватэры не былі прадастаўлены, бо займаемые імі памяшканні адносіліся да так званага манеўранага фонду.

Самі жанчыны сцвярджаюць, што пры перасяленні з інтэрнатаў у займаемыя памяшканні іх ніхто не папярэдзіў, што іх перасяляюць у часовае жыллё. Сем’і ўклалі значныя сродкі ў правядзенне рамонтау у займаемых кватэрах. Больш за тое, Жанна сцвярджае, што калі яны даведаліся пра тое, што жыллё адносіцца да манеўранага фонду, яна асабіста хадзіла на прыём да намесніка старшыні Горацкага райвыканкама па жыллёвых пытаннях А. І. Галавача, і той асабіста запэўніў, што гэта “абсалютна нармальная дзяржаўная кватэра”, і жыллё хутка будзе пераведзена з манеўранага фонду ў дзяржаўны.

Жанчыны сцвярджаюць, што, калі ў 2010 адбыўся сход жыльцоў, на якім аб’явілі, што дом падлягае рассяленню, ім паабяцалі, што іх кватэры будуць пераведзены ў дзяржаўны фонд, а потым ім, як і ўсім астатнім, будуць прадстаўлены новыя кватэры. Аднак ужо напрыканцы 2011 года, калі адбыўся наступны сход па пытанні рассялення, ім сказалі, што новае жыллё ім не выдзяляць, бо іх кватэры так і не былі пераведзены ў статус дзяржаўных.

Вось ужо больш за  год сем’і спрабуюць дабіцца справядлівасці, пішучы скаргі і звяртаючыся асабіста ў самыя розныя інстанцыі. У адной з жанчын, Жаны, за гэты час памёр муж. Сем’і сабралі цэлы стос разнастайных зваротаў, просьбаў і тлумачэнняў па сваім пытанні. Іх пастаянна адсылаюць з адной інстанцыі ў другую, ніхто з чыноўнікаў не хоча ўзяць адказнасць за нявыкананыя абяцанні.

Па словах Жаны, зараз мясцовыя ўлады прапаноўваюць сем’ям перасяліцца ў інтэрнат, аднак там у пакоях, дзе жыла яе сям’я, ужо некалькі гадоў жывуць іншыя людзі.

Іншая жанчына, Алена, кажа, што яна не супраць перасяліцца ў інтэрнат, аднак хоча, каб працэдура была выканана згодна закону.

“Я хачу, каб усё было па закону – калі суд вырашыць, што мы павінны перасяліцца ў інтэрнат, то мы туды пераселімся. Аднак няхай спачатку на судовым паседжанні будуць разгледжаны ўсе дакументы і тады суд няхай вызначае, дзе нам жыць. А то зноў скажуць, што мы незаконна туды засяліліся”.

Па словах Алены, зараз уся яе сям’я жыве каля электрычнага абагравальніка.

“Дзеці не адыходзяць ад абагравальніка, мы яго не выключаем, у кватэры вельмі халодна. Адключылі гарачую ваду, а ўчора яшчэ і патэлефанавалі з УККП “Камунальнік” і паведамілі, што дом патрэбна забіваць дошкамі, каб не расцягвалі маёмасць, таму ў хуткім часе паабяцалі адключыць электрычнасць і ваду. Не ведаю, як я з малымі дзецьмі буду выжываць у гэтых умовах”, - кажа Алена.

Рэдактар незалежнай горацкай газеты “Узгорак” Галіна Будная кажа, што яна шакаваная ўмовамі, у якіх жывуць сем’і ў доме № 6 па вуліцы Ціміразева.

”Там холад страшэнны, маленькія дзеці не адыходзяць ад абагравальніка, - распавядае Галіна Будная. – Мы ў газеце “Узгорак” размясцілі матэрыял, у якім стане зараз знаходзяцца гэтыя дзве сям’і. Складанасць у тым, што былы намеснік старшыні райвыканкама А. І. Галавач, які адказваў за пытанні рассялення з гэтага дома, звольніўся з працы, і цяпер жанчынам будзе вельмі складана даказаць свой пункт гледжання на праблему. Аднак пытанне патрабуе тэрміновага вырашэння, людзі жывуць у жудасных умовах, учора раніцай тэмпература паветра ў Горках была  - 22 С”.

 



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства