viasna on patreon

Магілёўскі БНФ не можа знайсці мэблю са свайго былога офісу

2012 2012-12-18T15:15:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salaueu-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Салаўёў. г Магілёў

Зміцер Салаўёў. г Магілёў

У снежні гэтага году сябры Магілёўскіх абласных арганізацый Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне” нарэшце здолелі знайсці памяшканне для свайго офіса ў горадзе Магілёве. Зараз офіс фронтаўскіх арганізацый у Магілёве будзе размяшчацца па адрасе вуліца Ленінская , д. 29а. Аднак нечакана ў магілёўскіх сяброў Фронта ўзнікла новая праблема: яны не могуць дабіцца адказу ад супрацоўнікаў ЖЭУ № 5, дзе зараз знаходзіцца мэбля з іх былога офіса, які раней размяшчаўся па адрасе вул. Цыялкоўскага, дом 10, адкуль ГА БНФ “Адраджэнне” было выселена згодна рашэння гаспадарчага суда Магілёўскай вобласці напрыканцы 2009 года быццам бы з-за затрымак з унясеннем арэнднай платы. У выніку магілёўскія фронтаўцы тады засталіся без юрыдычнага адраса.

“Мы доўга не маглі знайсці памяшканне для свайго офіса, - распавядае старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ “Адраджэнне” Зміцер Салаўёў. – Некалькі разоў бывалі выпадкі, калі мы ўжо быццам бы вусна дамаўляліся з гаспадарамі памяшканняў аб заключэнні дамовы аб арэндзе, аднак увесь час гэтыя дамовы чамусьці не рэалізоўваліся, гаспадары звычайна казалі “Ну, вы самі ўсё выдатна разумееце”. Але ўсё ж мы здолелі знайсці памяшканне для офіса па адрасе вуліца Ленінская, д. 29а, і ён ужо аднавіў сваю працу”.

Зміцер Салаўёў кажа, што пасля аднаўлення працы офіса Руху БНФ “Адраджэнне” ў Магілёве нечакана ўзніклі новыя складанасці.

“Працу офіса ў горадзе мы аднавілі, аднак нечакана ўзніклі новыя цяжкасці. Мы пакуль не можам атрымаць адказу ад кіраўніцтва магілёўскага ЖЭУ № 5, дзе ж знаходзіцца мэбля з памяшкання нашага былога офіса, які размяшчаўся па адрасе вул. Цыялкоўскага, 10. Нагадаю, што адтуль мы былі выселены восенню 2009 года згодна рашэнню гаспадарчага суда Магілёўскай вобласці быццам бы за несваечасовую выплату арэнднай платы. Мы прайшлі ўсе касацыйныя інстанцыі, апошняе абскарджанне разглядалася 17 ліпеня 2010 года, аднак праўды не змаглі дабіцца і засталіся без юрыдычнага адраса. Пасля нашага гвалтоўнага высялення ўся мэбля з гэтага памяшкання – стулы, стол, сейф, добрыя шафы – засталіся на захоўванні ў ЖЭУ № 5. Зараз мэбля спатрэбілася для абсталявання новага офіса, але пакуль мы не можам дамагчыся адказу, дзе ж яна канкрэтна знаходзіцца, бо за гэты час змянілася кіраўніцтва ЖЭУ № 5, многія майстры, і ў арганізацыі проста не ведаюць, дзе падзелась наша мэбля. Адміністрацыя ЖЭУ № 5 абяцае разабрацца ў гэтым пытанні і вярнуць нашы рэчы. Калі гэтага не адбудзецца, мы будзем кансультавацца з юрыстамі і складаць адпаведны зварот у суд”.

Ужо ў памяшканні новага офіса па адрасе вул. Ленінская, д. 29а 15 снежня адбылася Магілёўская абласная канферэцыя Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне”. Была абраная Рада абласных арганізацый Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне ў складзе шасці чалавек. Кіраўніком абласной арганізацыі на новы тэрмін пераабраны Зміцер Салаўёў, яго намеснікам стаў Віталь Макаранка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства