viasna on patreon

Дашкевіч і Лобаў: два гады за кратамі. Сёння Дашкевіч павінен быў выйсці на волю

2012 2012-12-18T11:36:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevlobau230311.jpg
Дашкевіч, Лобаў (Фота nn.by)

Дашкевіч, Лобаў (Фота nn.by)

Сёння, 18 снежня 2012 г., спаўняецца два гады з моманту арышту актывістаў "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, з таго часу яны знаходзяцца за кратамі.

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Мінску вечарам 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

24 сакавіка 2011 г. Дашкевіч быў прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў — да 4 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Міжнародная амністыя» прызнала Дашкевіча і Лобава вязнямі сумлення.

Эдуард Лобаў находзіцца ў калоніі № 22 у Івацэвічах.

Яго адрас: 225295 Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, папраўчая калонія № 22. Лобаву Эдуарду.

Змітру Дашкевічу некалькі разоў мянялі месца знаходжання, а сам малады чалавек неаднаразова падвяргаўся ціску ў калоніі. Першапачаткова лідар «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць).

Сёння Зміцер Дашкевіч павінен быў выйсці на волю, але 28 жніўня 2012 г. Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і прысудзіў яго дадаткова да года пазбаўлення волі.

У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе. Зміцер некаторы час утрымліваўся ў Мазыры, а затым быў пераведзены ў Гродзенскую турму.

Ягоны новы адрас такі: 230023, Гродна, вул. Кірава 1. Турма № 1. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства