Сябра “Справядлівага света”, асуджаны на тры гады, падаў касацыйную скаргу ў абласны суд
Сябра партыі “Справядлівы свет” Яўген Басарэўскі, асуджаны 7 снежня Жлобінскім раённым судом на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, падаў касацыйную скаргу на гэты прысуд ў Гомельскі абласны суд.
–Я і мой адвакат азнаёміліся з пастановай рашэння раённага суда, – кажа Яўген Іванавіч, які зноў трапіў у шпіталь з-за праблем са здароўем. – Адразу нам у вочы трапіліся супярэчнасці з пункту погляду абгрунтавання пастановы – прызначэння меры пакарання і г. д. Але і іншыя матэрыялы справы нас, мякка кажучы, збянтэжылі. Напрыклад, адзначаецца, што наша прадпрыемства не магло паступіць інакш, як плаціць тыя падаткі з грошай, якія мы маглі зарабіць, а з другога боку – праверка, якую правоздзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю, прызнаецца правамоцнай. Пры гэтым ні слова не ўзгадваецца пра экспертызу Мінюста, якая прызнала гэтую праверку незаконнай. Ці, напрыклад, не зусім зразумела, як можна сцвярджаць, што наша прадпрыемства працавала амаль што падпольна, пры гэтым не адмаўляецца факт атрымання райвыканкамам справаздач з нашага боку.
Яўген Басарэўскі кажа, што спадзявацца на станоўчы вынік гэтай справы ў вышэйстаячай установе зараз нельга. Асабліва калі ўлічваць, як такія справы разглядаюцца ў іншых судах.