Умовы ўтрыманьня Мікалая Статкевіча не палепшылі
14 сьнежня Мікалая Статкевіча ў магілёўскай турме наведаў адвакат.
Напярэдадні жонка палітвязьня Марына Адамовіч атрымала
зьвесткі, што ў турме Статкевіча могуць перавесьці са строгага рэжыму
ўтрыманьня на звычайны. Ці гэта адбылося?
Марына
Адамовіч: «Яшчэ не было паседжаньня гэтай камісіі,
ад якой залежыць зьмена рэжыму ўтрыманьня. Чакаецца, што зьбяруцца зусім
прыканцы месяца. Калі такая зьмена адбудзецца, гэта плюс адна перадача, адна
бандэроль і адно кароткае спатканьне. Вось і ўсё, а самі
ўмовы б і не зьмяніліся. Але для нас і гэта важна,
зразумейце. Але пакуль — рана. Сам ён па-ранейшаму бадзёры,
у нармальным настроі, быццам у яго нічога не зьмянілася. Сядзіць
у той жа камэры з тым жа суседам».
Мікалай
Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў
на прэзыдэнта падчас выбарчай кампаніі 2010 году, якога ўлады
працягваюць трымаць за кратамі. Ён асуджаны за Плошчу
на 6 гадоў зьняволеньня. Статкевіч адмовіўся падпісаць прашэньне
аб памілаваньні, паколькі ня лічыць сябе вінаватым. Год таму
палітвязьня перавялі з шклоўскай калёніі ў магілёўскую крытую турму.