Парфянкоў: Паклічуць на камісію па датэрміновым вызваленьні ў чацьвер
Палітвязень Васіль Парфянкоў паведаміў бацькам пра выклік на камісію па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
14 сьнежня бацькі Васіля Парфянкова атрымалі
ад яго ліст. У ім палітвязень паведаміў, што яго паклічуць
на камісію, якая вырашае пытаньні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Васіль
Парфянкоў напісаў, што паседжаньне камісіі адбудзецца
ў чацьвер.
Бацька вязьня Пётар Парфянкоў: «Сёньня
прыйшоў ліст. Напісаў, што ў чацьвер паклічуць на камісію
па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Але які чацьвер, не пазначыў.
Мяркую, маецца на ўвазе наступны чацьвер. Бо калі гаворка ішла пра
мінулы, то мог бы выйсьці і ўжо вярнуцца дамоў, але яго няма.
Ня ведаю. Ці адмовілі ўжо? Ня ведаю. Працягваем чакаць».
У арыштным доме ў Баранавічах, дзе ўтрымліваюць Васіля Парфянкова,
адмовіліся паведамляць праз тэлефон любыя зьвесткі пра арыштантаў.
Васіль Парфянкоў у жніўні асуджаны на 6 месяцаў знаходжаньня
ў арыштным доме за парушэньне правілаў адбыцьця хатняга
прафіляктычнага нагляду. Гэты нагляд быў накладзены на ўдзельніка Плошчы
Васіля Парфянкова за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасьці
з палітвязьнямі. 9 сьнежня споўнілася 4 месяцы, як Васіль
Парфянкоў у арыштным доме. Паводле закону пасьля адбыцьця дзьвюх трацін
тэрміну вязень, які ня мае спагнаньняў за парушэньні дысцыпліны, можа
разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.