Чарговы штраф за акцыю ў Свіслачы
На Гарадзеншчыне працягваюцца суды за акцыю ўшанавання памяці паўстанцаў, якая адбылася ў Свіслачы 27-га кастрычніка бягучага году. Сёння, 13 снежня, Свіслацкі раённы суд асудзіў актывіста з Бярозаўкі Сяргея Трафімчыка. Яго абвінавацілі ва ўдзеле у несанкцыяваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам у памеры 8-мі базавых велічынь.
Пераслед удзельнікаў свіслацкага мерапрыемства набыў зацяжны характар. Яшчэ ў дзень правядзення мерапрыемства былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі з розных гарадоў: Вітольд Ашурак з Бярозаўкі, Алесь Крот з Мінску, Станіслава Гусакова з Віцебску і Віталь Лопасаў з Гародні. Трое з іх былі пакараныя суткамі, а адзін штрафам. Амаль праз месяц пасля мерапрыемства былі асуджаныя да штрафаў актывісты з Свіслачы - Віктар Дзесяцік, Анатоль Валюк і Юры Глебік. Але ўлады Гарадзеншчыны не спыніліся і на гэтым. З пратаколамі правапарушэнняў ужо азнаёмленыя старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і сябра рады гарадской структуры ПБНФ Ірына Данілоўская. Калі іх выклічуць у суд, пакуль невядома.
А сёння Свіслацкі раённы суд вызначыў, што Сяргей Трафімчык наведваннем магілаў і помнікаў паўстанцаў парушыў дзейснае заканадаўства.