“Алесь Бяляцкі, Набіл Раджаб, Насрын Сатудзех - я прысвячаю нашае свята ім!”
Суэр Белхасен прысвячае юбілей Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), якой у снежні 2012 года споўнілася 90 гадоў, дваццаці шасці актывістам Федэрацыі, якія знаходзяцца ў турмах у розных краінах свету.
У сваім выступе з нагоды юбілею Прэзідэнт FIDH казала пра тых, хто за сваю дзейнасць расплочваецца дарагой цаной.
«... Гэта было дзевяноста гадоў таму ... дзевяноста гадоў таму!
Шматлікія актывісты, удзельнікі розных рухаў у абарону правоў чалавека Францыі, Германіі, Бельгіі, Венгрыі, Егіпта і яшчэ дзесяці краін сабраліся, каб стварыць, на руінах першай сусветнай вайны, міжнародны рух у абарону правоў чалавека. Яны заснавалі F - I-D - H - Міжнародную Федэрацыю за правы чалавека.
Нашыя папярэднікі хацелі пабудаваць такі свет, дзе, нягледзячы на межы, правы чалавека ставіліся б вышэй за ўсё - вышэй за партыйныя, эканамічныя ці нацыяналістычныя інтарэсы.
Ужо ў 1927 годзе яны заклікалі да прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і стварэння пастаянна дзеючага Міжнароднага крымінальнага суда. Пройдзе некалькі дзесяткаў гадоў, перш чым будзе прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Міжнародны крымінальны суд пачне сваю працу. З гэтага моманту правы чалавека набылі юрыдычныя рамкі і кожны мае права патрабаваць іх выканання.
Доўгія гады ўсе мы змагаемся з ростам антысемітызму і нацыяналізму. Гэтая барацьба каштавала жыцця некаторым з нашых папярэднікаў. Віктор Баш, сябра-заснавальнік і Прэзідэнт FIDH, быў расстраляны французскай паліцыяй у Ліёне ў 1944 годзе.
Змагаючыся супраць каланізацыі і ўсіх формаў самавольства падчас “халоднай вайны” або паўсюдна працуючы над стварэннем больш справядлівага і раўнапраўнага грамадства, нашы папярэднікі сталі прыкладам для пераймання ва ўсім свеце.
Сёння, як і ўчора, нашы актывісты знаходзяцца на першай лініі фронту. Кожны дзень яны вядуць барацьбу за ўніверсальнасць чалавечых правоў: за рэальнае, а не на словах, захаванне правоў жанчын, права кожнага на правасуддзе, на свабоду выказвання, на свабоду веравызнання і на годнае існаванне.
За сваю дзейнасць ім часам даводзіцца расплочвацца дарагой цаной. У гэты вечар святкавання нашай 90-й гадавіны я думаю пра 26 актывістак і актывістаў нашай арганізацыі, якія знаходзяцца ў дадзены момант у зняволенні.
• Я думаю пра Алеся Бяляцкага, нашыага віцэ-прэзідэнта і старшыню ПЦ "Вясна" ў Беларусі, прысуджанага да чатырох з паловай гадоў калоніі.
• Я думаю пра Набіла Раджаба, намесніка генеральнага сакратара FIDH, старшыню Праваабарончага цэнтра Бахрэйна, прысуджанага да двух гадоў турмы.
• Я думаю пра Насрын Сатудзех з Ірана, якая атрымае на будучым тыдні прэмію Сахарава. Будзем спадзявацца, што дзякуючы гэтай прэміі яна зможа выйсці з ізаляцыі, у якой апынулася пасля прысуду да 11 гадоў турмы і 20 гадоў забароны на працу адвакатам. Я думаю пра трох яе калег з Іранскага праваабарончага цэнтра, якія знаходзяцца ў такой жа сітуацыі.
• Я думаю пра Мухарэма Эрбея з Турцыі, віцэ-прэзідэнта Турэцкай асацыяцыі за правы чалавека, і пра яго 13 калег, якія, як і ён, знаходзяцца за кратамі.
• Я думаю пра пяцёх сябраў Таварыства правоў чалавека ва Узбекістане, таксама зняволеных у турмы і калоніі.
Гэтыя праваабаронцы змагаюцца за свае свабоды і свае правы - але яны змагаюцца і за нашу свабоду і нашы правы.
Я хачу прысвяціць нашае свята менавіта ім.
Ваша прысутнасць тут у гэты вечар кажа пра тое, што Вы падтрымліваеце нашу барацьбу. Ад іх імя і ад імя FIDH, я кажу вам "дзякуй".
Юбілей FIDH адзначаўся 10 снежня ў Мэрыі горада Парыжа ў прысутнасці мэра горада спадара Бертрана Дэланоэ, аўтара Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года спадара Стэфана Эсэля і многіх вядомых журналістаў, праваабаронцаў і дзеячаў мастацтва.