Арцёму Пракапенку дазволілі доўгатэрміновае спатканне з бацькамі
Напрыканцы снежня бацькі палітвязня Арцёма Пракапенкі паедуць да сына на доўгатэрміновае спатканне. Дазвол на яго дала адміністрацыя Магілёўскай калоніі № 15, дзе зараз адбывае пакаранне палітвязень.
Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага грамадскага актывіста Віялета Пракапенка.
- На адныя суткі далі. Недзе ў 20-х чыслах. 30 кілаграмаў можна будзе перадаць. З сабой на вынас нічога не дазволілі. 100 тысяч на пакупкі ў краме як было, так і застаецца. І калі ім больш дадуць, не вядома. Доўга не было званкоў. А ўчора патэлефанаваў. Нібыта ўсё спакойна, але па тэлефоне ён нічога не расказвае. Бацька паедзе, то тады можа што праясніцца.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзела КДБ. 27 верасня гэтага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, пасля таго як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.