Брэст: абласны суд падтрымаў гарвыканкам у справе высялення маладой сям’і
Уладзімір Гадун і яго сям’я не пагадзіліся добраахвотна пакінуць сваю кватэру ў доме №18 па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, бо лічаць, што гарадскія ўлады турбуюцца не з-за аварыйнасці будынку, а выключна пра ўчастак зямлі, што знаходзіцца паблізу цэнтра Брэста.
Сям’я, дзе зараз гадуецца малое дзіця, абвяргае высновы чыноўнікаў гарвыканкама, што іх драўляны дом знаходзіцца ў аварыйным стане і таму трэба пагаджацца на пераезд у панэльны дом, які месціцца на ўскрайку горада. Уладзімір Гадун сцвярджае, што яго жытло цалкам прыгоднае, бо забяспячана вадой, газам, ацяпленнем, каналізацыяй. Акрамя таго, дом знаходзіцца побач з гарадскім паркам, дзіцячымі і медычнымі ўстановамі. Усяго гэтага не хапае ў аддаленых мікрараёнах, куды ўлады спрабуюць прымусова перасяліць сям’ю Гадуноў.
Паводле вынікаў экспертызы, якая была замоўлена гарвыканкамам, працэнт зносу драўлянага дому складае 68% (што ўсяго на 3% перавышае дапушчальныя для пражывання нормы). Аднак чыноўнікі настойваюць на небходнасці тэрміновага перасялення і тлумачаць сваі дзеянні патрэбамі пашырыць тэрыторыю гарадскога парку. Пазіцыю мясцовых уладаў пасля суду першай інстанцыі падтрымаў і Брэсцкі абласны суд, які разглядаў скаргу Уладзіміра Гадуна.