viasna on patreon

Актывіст непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў пакараны штрафам

2007 2007-02-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні адбыўся судовы працэс паводле крымінальнай справы Мечыслава Яскевіча — аднаго з кіраўнікоў Саюзу палякаў. Суд прызнаў Яскевіча вінаватым у зьбіцьці мужчыны на тралейбусным прыпынку тры месяцы таму і прысудзіў штраф — 1 мільён 240 тысяч рублёў. Акрамя таго, спадар Яскевіч павінен заплаціць пацярпеламу 500 тысяч рублёў — як маральную кампэнсацыю, паведаміла “Радыё Свабода”.

Паводле пракурора Часнойць, пасьля бойкі зь Яскевічам у пацярпелага Сабка былі выцятыя некаторыя месцы, але разладу здароўя ня здарылася. Сам Яскевіч усё адмаўляў — ён заявіў, што супраць яго зладзілі правакацыю. Выслухаўшы паказаньні ўсіх сьведкаў, адвакат Уладзімер Кісялевіч зазначыў:

“Я, як ягоны абаронца, думаю, што пазыцыя Яскевіча наконт таго, што яго перасьледуюць, была абгрунтаваная ў судзе, паколькі і ён сам, і сьведкі гаварылі, што за апошнія гады яго неаднаразова перасьледавалі з палітычных матываў — за яго дзейнасьць у Саюзе палякаў, за тое, што ён сапраўды займае актыўную грамадзкую і палітычную пазыцыю”.

Прыхільнікі Мечыслава Яскевіча пасьля працэсу пачалі зьбіраць перад будынкам суду грошы, каб дапамагчы яму сплаціць штраф. Справу Яскевіча разгледзела судзьдзя Жана Верхась.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства