У Віцебску пікет 10 снежня таксама пад забаронай
10 снежня віцебскія праваабаронцы хацелі зладіць пікет у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Гэта афіцыйна вызначанае ўладамі месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Але праваабаронцам адмовілі.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Наталля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцам зладзіць пікет. Прычына забароны пікету ў тым, што заяўнікі акцыі не заключылі дамоваў на абслугоўванне са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй, паведамляе сайт “Віцебскай вясны”.
У тым самым Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў віцебскія дэмакратычныя актывісты вырашылі правесці публічную лекцыю "Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Як выконваюцца палажэнні Дэкларацыі ў Беларусі". Імпрэза таксама запланавана на 10 снежня. Арганізатары падкрэсліваюць, што яны вымушаныя праводзіць мерапрыемства менавіта ў такім фармаце, бо на працягу апошніх двух гадоў раённыя ўлады ні разу не далі дазволу на пікеты або мітынгі.