Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу слонімскай актывісткі БХД
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў скаргу актывісткі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольгі Пансевіч, якую сёлета 12 чэрвеня суддзя суда Слонімскага раёна Іван Ластоўскі па двух адміністратыўных артыкулах – за непадпарадкаванне міліцыі і нецэнзурную лаянку - аштрафаваў на 2 мільёны 500 тысяч рублёў.
Як паведамляла Вольга Пансевіч праваабаронцам, раней яе скаргу не задаволіў Гродзенскі абласны суд.
Нагадаем са слоў пацярпелай, што сёлета, 21 красавіка, на вуліцы Хлюпіна ў Слоніме прыкладна ў 19:30 да яе падыйшлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы і прапанавалі праехаць з імі ў аддзел. Жанчына адмовілася. Тады яны сілком скруцілі яе і запіхнулі ў машыну, пры гэтым наносілі ўдары рукамі і нагамі, надзелі кайданкі. Даставіўшы ў аддзел, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе трымалі трое сутак, збівалі, ставілі ў позу “ластаўкі”. Жанчына сказала, што будзе абскарджваць такія дзеянні міліцыі. У адказ на гэта 30 траўня Вольгу азнаёмілі са складзенымі на яе двума пратаколамі.