viasna on patreon

Чыноўнікі спрабуюць пераканаць, што Паўлавічы спалілі законна (фота спаленай вёскі)

2012 2012-12-07T18:16:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paulavichy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лексіцы мясцовых уладаў з'явіліся новыя замежныя словы: "сквотэры", "рэкультывацыя" і "брыфінг". На брыфінгу, скліканым для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, і было заяўлена, што насельнікі Паўлавічаў – "сквотэры", бо захапілі тое, што ім не належыць. А руйнаванне  і падпал дзевяці хат, вырубка дрэваў і закопванне ў зямлю абгарэлай цэглы і дошак – гэта "рэкультывацыя".

Выступаючы перад журналістамі, старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін заявіў, што знос апошніх дзевяці хат у Паўлавічах  -- гэта выкананне рашэння аблвыканкаму ад 1992 года. Ніякіх іншых тлумачэнняў тамтэйшыя насельнікі не пачулі, і ніякіх пісьмовых дакументаў пра знос ім не паказалі.

Між тым, нават "сквортэраў" – "самасёлаў" трэба высяляць, кіруючыся нормамі заканадаўства. У дадзеным выпадку быў парушаны артыкул №41 Жыллёвага кодэксу, паводле якога высяленне асобаў, якія самавольна занялі нейкія памяшканні, можна выселіць толькі па рашэнні суду, і толькі па сцячэнні тэрміну, прадугледжанага для добраахвотнага высялення. Працэдуру мусіць праводзіць судовы выканаўца разам з панятымі, якія мусяць засведчыць факт высялення.

Тое, што адбылося ў Паўлавічах ў першыя дні снежня, ніякім чынам не суадносіцца з патрабаваннямі заканадаўства, лічаць мясцовыя праваабаронцы. Ні суду, ні судовага рашэння не было. Людзей папярэдзілі пра знос іхных дамоў, даўшы ім "на зборы" усяго два дні. Кіравалі "працэсам" прадстаўнікі Першамайскай раённай адміністрацыі, а не судовыя выканаўцы. Ніякіх актаў складзена не было. Маёмасць знішчана бескантрольна, прычым людзям нанесены значны матэрыяльны ўрон –  парэшткі хат жыхары не паспелі разабраць нават "на дровы" – усе было спалена паводле загаду райвыканкаму.   

Гэтыя парушэнні заканадаўства відавочныя нават у тым выпадку, калі сапраўды прызнаць жыхароў былой вёскі Паўлавічы парушальнікамі. Аднак яны кажуць, што амаль у кожнага ёсць нейкія дакументальныя пацвярджэнні правоў уласнасці.

З гэтым яны маюць права звярнуцца ў суд кожны паасобку. А ўсе разам абражаныя жыхары Паўлавічаў рыхтуюць калектыўныя звароты, і мяркуюць, што судоў па іхнай агульнай праблеме будзе не менш за тры. Гэта і скарга супраць парушэння жыллевага заканадаўства з боку чыноўнікаў, якія парушылі артыкул №41, і патрабаванне кампенсацыі за знішчаныя гаспадарчыя пабудовы і садовыя дрэвы, і  спагнанне кампенсацыі за маральныя пакуты і страту здароўя – двойчы падчас тэрміновага зносу ў Паўлавічы мусілі выклікаць хуткую дапамогу…

Адно, што прызнаў старшыня гарвыканкаму – гэта "адсутнасць  своечасовай і аб'ектыўнай інфармацыі" -- маўляў, трэба было фармаваць грамадскую думку загадзя, каб не было "правакацыйных звестак". Гэткім чынам віцебскія ўлады ўпікаюць незалежных журналістаў, праз якіх гісторыя са зносам і падпалам хат трапіла ў Інтэрнэт. Але першымі, да каго звярнуліся людзі перад пагрозай зносу, былі дзяржаўныя тэлеканалы. І ніхто адтуль не адгукнуўся на  просьбы прыехаць і разабрацца ў сітуацыі з першых дзен.

Запозненыя тлумачэнні ўладаў часам  выклікаюць яшчэ большае абурэнне. Да прыкладу, у афіцыйным паведамленні на сайце Віцебскага гарвыканкаму сцвярджаецца, што былі знесеныя нейкія струхнелыя хібары. Між тым, увесь Інтэрнэт абышлі фотаздымкі экскаватара, які руйнуе добры цагляны дом… Выклікаюць насмешкі і высновы спадара Нікалайкіна пра тое, што прадпрыемства "Віцебскэнэрга" праявіла "душэўную дабрыню", і таму не спыніла падачу электрычнасці ў вёску, якая фармальна не існуе. Чамусці чыноўнікі не згадваюць, што і за святло, і за газ насельнікі Паўлавічаў спраўна плацілі. І грошы ад іх бралі, нягледзячы на тое, што вёска афіцыйна  не існуе.

Урэшце, самым "знішчальным" доказам прадстаўнікі ўладаў лічаць тое, што ўсе жыхары Паўлавіч атрымалі кватэры ў якасці кампенсацыі за хаты, вызначаныя 20 год таму назад пад знос.  І дадаюць: няхай бы адмовіліся ад гарадскіх кватэраў! Аднак якраз такі прэцэдэнт і быў: убачыўшы,  што абяцанага ў 1992 годзе будаўніцтва няма, некаторыя вяскоўцы пыталіся: калі насамрэч адмовіцца ад гарадскога жытла, ці змогуць яны вярнуцца на старое месца? Толькі такіх гарантыяў ім ніхто не даў.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства