На беларуска-украінскай мяжы затрымана сям'я сябры партыі «Справядлівы свет»
Сёння ў пункце пропуска «Новая Гута» на беларуска-украінскай мяжы была затрымана машына з актывісткай партыі «Справядлівы свет» са Жлобіна Ілонай Ткачовай. Палітык вярталася дамоў разам з мужам і дзіцём. Але сям'я вось ужо пяць гадзінаў стаіць на мяжы.
«Мы вярталіся з Егіпту, дзе былі ў адпачынку, і з Украіны ехалі на машыне. На мяжы нас спынілі, правялі поўны дагляд усёй сям'і, канфіскавалі ноўтбук і фотаапарат. Мы перасякалі некалькі межаў, але ніякіх праблем дагэтуль не ўзнікала. Тым больш, што на кампутары і камеры няма ніякай крамолы. Але памежнікі паказалі нам скан дакумента, у якім сказана правесці дагляд менавіта нашай машыны», - распавяла Ілона Ткачова.
Сям'я дагэтуль стаіць на мяжы, і ніякіх афіцыйных тлумачэнняў затрымання пакуль ніхто не дае.